Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэру падзякавалі з прэзыдэнцкай адміністрацыі


Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў
Падзяку «за праяву актыўнай грамадзянскай пазыцыі па павышэньні статусу беларускай мовы» сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў у лісьце за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслава Буко. Ліст таксама быў напісана па-беларуску – у адрозьненьне ад ранейшых, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Апошні ліст з прэзыдэнцкай адміністрацыі стаў ужо другім адказам на пытаньне Яна Дзяржаўцава пра нежаданьне мясцовых чыноўнікаў адказваць на звароты грамадзянаў па-беларуску. І гэта дужа зьдзівіла апазыцыянэра: першы ліст за подпісам Буко быў напісаны на расейскай мове, да таго ж меў зусім іншы зьмест.

Ян Дзяржаўцаў скардзіўся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, што віцебскія чыноўнікі адказваюць яму па-расейску, хоць ён мае права атрымліваць адказы на той мове, на якой ён зьвяртаецца – гэта гарантавана яму артыкулам 18 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які ўступіў у сілу 22 студзеня 2012 году.

Тым ня менш, адказы з раённых адміністрацый на свае заяўкі наконт правядзеньня пікетаў, якія атрымлівае сябар КХП БНФ, напісаныя па-расейску. Спадар Дзяржаўцаў зьвярнуўся з гэтае нагоды са скаргай у віцебскі аблвыканкам, але там яму працытавалі закон аб зваротах грамадзян у састарэлай рэдакцыі. А з пракуратуры Першамайскага раёну актывісту напісалі, што пісьмовая заяўка на пікет зваротам увогуле ня лічыцца...

У сваім першым адказе начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко праінфармаваў актывіста, што ягоны зварот накіраваны ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь.

У другім адказе пра высновы гэтага цэнтру няма ні слова. Цяпер, паводле Буко, чыноўнік, які не захацеў пісаць Дзяржаўцаву па-беларуску, нічога не парушыў. Бо гэта быў адказ на заяўку на пікет, і прадстаўнік мясцовых уладаў кіраваўся не Законам аб зваротах грамадзян, а Законам аб масавых мерапрыемствах.

Спадар Дзяржаўцаў у поўнай разгубленасьці: навошта яму дасылалі два розныя адказы, і якой вэрсіі трэба даць веры. Ён адзначае, што другі адказ з адміністрацыі, у адпаведнасьці з Законам аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, ужо напісаны па-беларуску. Ды напрыканцы дададзена, што прапановы Яна Дзяржаўцава «па карэктыроўцы Закону аб масавых мерапрыемствах будуць разгледжаныя пры далейшай працы па ўдасканаленьні заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG