Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Алеся Бяляцкага выступае Парыж


Сёньня ў 18.30 паводле менскага часу на будынку мэрыі 11-ай акругі Парыжу будзе вывешаны гіганцкі партрэт беларускага праваабаронцы, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага з патрабаваньнем ягонага неадкладнага вызваленьня.

На мітынгу, які плянуецца правесьці, выступяць прадстаўнік мэрыі Парыжа, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Сугайр Бэлхасэн, а таксама сябры праўленьня гэтай арганізацыі, якія прыедуць у Парыж з розных краінаў сьвету.

На мітынг за вызваленьне Алеся Бяляцкага прыбудуць паслы па правах чалавека з краінаў ЭЗ - Нямеччыны, Аўстрыі, Італіі, Францыі і інш. Пра гэта паведамляе міжнародны сакратарыят Міжнароднай Фэдэрацыі за правы чалавека.

Гэтае мерапрыемства пройдзе ў рамках акцыі «Парыж — за Алеся Бяляцкага».

Звычайна парыская мэрыя вывешвае партрэты францускіх грамадзянаў, якія сталі закладнікамі ў іншых краінах.

Раней сваю падтрымку Алесю Бяляцкаму выказваў мэр Парыжу Бэртран Дэляноэ, запатрабаваўшы ў верасьні 2011 году ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызваленьня праваабаронцы. Ён таксама адаслаў ліст Нобэлеўскаму камітэту ў падтрымку кандыдатуры Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру за 2012 год.

25 лістапада летась перад амбасадай Беларусі ў Парыж быў арганізаваны пікет у падтрымку Бяляцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG