Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: абласны суд пакінуў у сіле вырак Нягаціну


8 траўня Магілёўскі абласны суд не знайшоў падстаў, каб задаволіць апэляцыю актывіста партыі БНФ Сяргея Нягаціна на вырак Ленінскага суду Магілёва. Скаргу актывіста разглядаў судзьдзя Сяргей Конеў.

12 красавіка судзьдзя Ленінскага раённага суду Аксана Ратнікава прызнала Нягаціна вінаватым у парушэньні закону «Аб сродках масавай інфармацыі» і аштрафавала яго на тры мільёны рублёў. Паводле выраку, актывіст распаўсюджваў газэту «Тут і цяпер», не заключыўшы з выданьнем дамовы на распаўсюджваньне. Гэта, палічыла судзьдзя, парушэньне Закону аб СМІ.

Сёньняшняе рашэньне судзьдзі Конева Сяргей Нягацін пракамэнтаваў гэтак:

«Я бараніў сябе, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права распаўсюджваць інфармацыю. Я быў перакананы ў тым, што ў нас Канстытуцыя важнейшая за іншыя законныя і падзаконныя акты. Мне ж судзьдзя адказаў, што ў нас Канстытуцыя ня мае прамога дзеяньня, як у ЗША, таму дзейнічаюць іншыя законы. Вось такія ў нас атрымліваюцца нюансы ў заканадаўстве. Выглядае, што асноўны закон — гэта дэкрэт прэзыдэнта, а Канстытуцыя ў герархіі законаў займае апошняе месца. Буду абскарджваць пакараньне й надалей».

Праваабаронцы заяўляюць, што пакараньне Нягаціна з фармулёўкай «распаўсюджваў выданьне без дамовы зь ім» беспрэцэдэнтнае ў Беларусі. Паводле іх, газэта «Тут і цяпер» афіцыйна не зарэгістраваная, таму не патрабуе і афіцыйнага дазволу на распаўсюд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG