Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ці падтрымлівае байкот ЧС грамадзкасьць Беларусі?"


Палітыка заўсёды ўмешваецца ў спорт. Пры гэтым можа выкарыстоўвацца і такі крайні захад, як байкот міжнароднага першынства.

Калі ён бывае пасьпяховым, а калі не — на гэтую тэму напярэдадні маючага адбыцца ў Хэльсынкі Кангрэсу МФХ разважае аглядальнік швэдзкага выданьня «Örnsköldsvik Allehanda».

«Калі сёлетні чэмпіянат Эўропы па футболе ўсё ж адбудзецца ва Ўкраіне, то на ягоных трыбунах зьявіцца шмат вольных месцаў. Вядучыя эўрапейскія палітыкі абвясьцілі адзін за адным, што не паедуць у Кіеў з-за Юлі Цімашэнкі... Ня меншая інтрыга застаецца і вакол усясьветнага хакейнага першынства ў 2014 годзе ў Менску. Пытаньне пераносу ЧС маюць абмеркаваць самым бліжэйшым часам на Кангрэсе МФХ.

Для палітыкаў, чальцоў каралеўскіх сем’яў і іншых высокіх дзяржаўных асобаў няма нічога надзвычайнага ў тым, каб адсутнічаць на спартовых сьвятах у тых краінах, дзе парушаюцца правы чалавека. Нашмат радзей незадаволенасьць падобным станам рэчаў выказвае кіраўніцтва спартовых арганізацыяў», — піша ў «Örnsköldsvik Allehanda» Андэрс Ронмарк.

Тым ня менш унутраныя падзеі ў тых ці іншых краінах калі-нікалі прыводзяць да напружаных сытуацыяў на міжнародных першынствах. Аўтар прыводзіць у якасьці прыкладу матч вугорскіх ды савецкіх ватэрпалістаў падчас Алімпіяды-1956, калі вада ў басэйне афарбавалася крывёю. Гэта адбылося менш як празь месяц пасьля таго, як Савецкі Саюз здушыў паўстаньне ў Вугоршчыне. Пасьля бамбаваньняў Югаславіі сіламі НАТО на баскетбольныя матчы паміж ЗША і Сэрбіяй, нагадвае аўтар, пачалі выклікаць дадатковыя сілы АМАП.

Выключаць падобныя выпадкі на спартовых відовішчах у далейшым наіўна, піша Андэрс Ронмарк. Гэтак жа наіўна, аднак, і лічыць спартовы байкот сродкам, каб разьвязаць глябальныя праблемы.

Калі згадаць прыклады байкотаў Алімпійскіх гульняў 1976 году ў Манрэалі, 1980 — у Маскве, 1984 — у Лос-Анджэлесе, то ў выніку многія таленавітыя спартоўцы вымушаныя былі застацца дома і адмовіцца ад удзелу ў галоўнай падзеі свайго жыцьця, да якой рыхтаваліся гадамі. Істотнага ж уплыву на палітычную сытуацыю аказана не было.

Як адзначае аўтар артыкула, гісторыя спорту ведае толькі адзін выпадак, калі ў выніку байкоту ўнутрыпалітычная сытуацыя ў краіне зьмянілася да лепшага. Размова ідзе пра Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, краіну, якую Міжнародны алімпійскі камітэт байкатаваў за палітыку апартэіду ад 1964 да 1992 году.

Чаму гэты байкот быў пасьпяховым? Таму што ніводная зь міжнародных арганізацыяў не падтрымала падобны байкот больш шчыра, чым SANROC (Нерасісцкі алімпійскі камітэт Паўднёвай Афрыкі) ды само карэннае насельніцтва краіны.

«Наколькі ўсё гэта льга параўнаць зь беларускай сытуацыяй?» — ставіць пытаньне журналіст «Örnsköldsvik Allehanda».

Аўтар рэкамэндуе швэдзкай хакейнай зборнай наступнае: «Калі апазыцыя і грамадзкасьць краіны заклікаюць да байкоту ЧС-2014 на той падставе, што гэта дапаможа ў барацьбе з дыктатурай, то швэдзкай фэдэрацыі хакею трэба гэта падтрымаць. Калі ж сытуацыя інакшая, то швэдзкім хакейным зоркам трэба ехаць у Беларусь, гуляць там і на кожнай прэсавай канфэрэнцыі пасьля матчу выказваць сваё стаўленьне да дыктатуры Лукашэнкі».

Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Ідэя перанесьці чэмпіянат у іншае месца зьявілася пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG