Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене адбудзецца працэс над аўстрыйскім сябрам Лукашэнкі


Гайнц Юнгвірт
Гайнц Юнгвірт

У панядзелак у венскім крымінальным судзе распачнецца судовы працэс над самым магутным чалавекам у аўстрыйскім спорце, колішнім цягам 25 гадоў генэральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэту Гайнцам Юнгвіртам, паведамляюць аўстрыйскія выданьні «Die Presse», «Kurier» ды іншыя. У аўторак на судовае паседжаньне ў якасьці сьведкі для дачы паказаньняў пад прысягай запрошаны былы шматгадовы прэзыдэнт НАК і шэф сеткі Casinos Austria Леа Вальнэр.

Гайнцу Юнгвірту інкрымінуецца злоўжываньне службовым становішчам і карупцыя ў вялікіх памерах (паводле ацэнак аўдытараў, на некалькі мільёнаў эўра). Сярод шматлікіх эпізодаў фінансавых злачынстваў, якія будуць разглядацца на працэсе — створаны алімпійскім камітэтам у банку Raiffeisen патаемны рахунак, зь якога ў тым ліку аплачваўся шыкоўны адпачынак беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі і яго сьвіты ў Альпах у 2002 годзе.

Паводле «Die Presse», абвінавачаньні галоўным чынам грунтуюцца на расьсьледаваньнях незалежных экспэртаў BDO International (міжнароднай сеткі аўдытарскіх праверак). Падрабязны зьмест абвінавачаньняў будзе апублікаваны самым бліжэйшым часам. Пакуль жа СМІ спыняюцца на некаторых старонках карупцыйнага скандалу вакол вядомых дзеячаў нацыянальнага алімпійскага камітэту ды аўстрыйскіх казіно.

Мяркуецца, што пачатак фінансавых афэраў, у якіх фігуруюць імёны Лео Вальнэра, Гайнца Юнгвірта ды іншых (дарэчы, іх беларускі прэзыдэнт пасьля вяртаньня з аўстрыйскага курорту назваў «найчасьнейшымі і найпарадачнейшымі людзьмі») ідзе ад канца 1990-х. Патаемны рахунак НАК (Konto-Nr. 4.293.700, Raiffeisenlandesbank NÖ-Wien), як вынікае з публікацыі, быў адкрыты непасрэдна Вальнэрам у траўні 2001 году. Менавіта праз гэты рахунак і былі шчодра аплачаныя ўсе капрызы беларускіх гасьцей. Грошы пералічваліся пераважна Гайнцам Юнгвіртам, аднак, як ён засьведчыў на папярэднім судзе ў Зальцбургу, усё рабілася з ухваленьня Вальнэра. І Вальнэр, і Юнгвірт бралі актыўны ўдзел у прыёме дэлегацыі на чале з кіраўнікам Лукашэнкам.

У свой час копіі многіх тых рахункаў перадаў «Свабодзе» аўстрыйскі спартовы экспэрт і аўтар скандальных публікацыяў у СМІ Эрвін Рот. На сабраных ім фінансавых дакумэнтах — назвы фірмаў, гатэляў, авіякампаніі (чартэрны рэйс Вена — Інсбрук), верталётнай кампаніі (гэтыя паслугі спатрэбіліся прэзыдэнту пасьля атрыманай траўмы, калі яго з горнага схілу даставілі да прыватнага лекара), ганарарныя чэкі за мэдычныя паслугі, аплата за гарналыжныя ўрокі для 11 прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, рахунак на арэнду аўтобуса для 34 чалавек і за канцэрт папулярнага музыканта DJ Otzi. Гэтыя паперы Рот адразу пасьля свайго расьсьледаваньня ў 2009 годзе накіраваў у пракуратуру. Зусім нядаўна ў рукі спартоваму экспэрту трапілі і некаторыя іншыя рахункі. Напрыклад, на аплату пакояў у пяцізоркавым гатэлі ў Зээфэльдзе(дзе спыняўся Лукашэнка) для васьмі жанчын, якія не ўваходзілі ў сьпіс высокай дэлегацыі. У сваім запыце ў пракуратуру Рот выказвае падазрэньні, што гэта маглі быць прастытуткі і ставіць пытаньні, «хто заказваў гэтых дам для беларускай дэлегацыі» і «чаму дзеля прыезду высокага беларускага госьця, які мае рэпутацыю „апошняга дыктатара Эўропы“, трэба было зь ведама Аўстрыйскага алімпійскага камітэту і Casinos Austria ствараць патаемны шэры рахунак ААК?»

Мяркуецца, што дзеячы НАК і казіно карысталіся гэтым рахункам да 2008 году. Скандальныя публікацыі Эрвіна Рота пра адпачынак Лукашэнкі, паводле аглядальнікаў, сталі падставай для раскрыцьця іншых афэраў Вальнэра і яго атачэньня.

Як піша «Kurier», працэс у венскім крымінальным судзе працягнецца тры дні, пасьля чаго і будзе вынесены вырак. Размова ідзе ня толькі пра пазбаўленьне свабоды для Юнгвірта, а таксама пра канфіскацыю маёмасьці, на чым настойвае пракуратура.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG