Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды-вазочнікі прапанавалі пасадзіць у вазкі Менгарвыканкам


Інваліды-вазочнікі: 5 гадоў прайшло — ніякіх зьменаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00
Наўпроставы лінк

5 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў, у менскім парку Дружбы народаў прайшоў дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-вазочнікаў.

Удзельнікі акцыі, а іх было некалькі дзесяткаў, прынялі зварот да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем вырашыць надзённыя праблемы інвалідаў у Беларусі і далучыцца да адмысловай канвэнцыі ААН.

Старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко на пачатку мітынгу адзначыў, што падобнае мерапрыемства праходзіла пяць гадоў таму, таксама ў парку на плошчы Бангалор.

«Я бачу ў вас у руках лёзунгі, яны такія ж, як і былі пяць год таму. То бок за гэтыя пяць гадоў нашы праблемы засталіся тыя ж. Магчыма іх больш, але гэта тыя ж самыя праблемы, якія былі пяць, сем гадоў таму і больш».



Пяць гадоў таму інваліды-вазочнікі наладзілі шэсьце з плошчы Бангалор да адміністрацыі прэзыдэнта і перадалі туды свае патрабаваньні. На гэты раз яны абмежаваліся прыняцьцем звароту да Лукашэнкі на мітынгу. Паводле адной з арганізатарак мітынгу Валянціны Гапон, улады дазволілі мерапрыемства, але былі вельмі занепакоеныя.

«Учора цэлы дзень з Менгарвыканкаму тэлефанавалі і пыталіся, як мы
будзем праводзіць — у рамках ці не ў рамках, ці будзе там Сяргей Драздоўскі і што ён будзе гаварыць. Мы пакуль хочам пайсьці ляяльна, каб паспрабаваць, як яны нас зразумеюць. У наш час агрэсія ў нашай краіне не дарэчы».

Сяргей Драздоўскі ў сваім выступе на мітынгу заклікаў беларускія ўлады спыніць дыскрымінацыю інвалідаў і далучыцца да міжнароднай канвэнцыі ААН аб правах інвалідаў.

«У нас як былі праблемы з працаўладкаваньнем, так яны і засталіся. Яны наогул ніяк не ссунуліся зь месца. У нас як былі праблемы з нашай адукацыяй, такі засталіся. У нас як былі праблемы ў ахове здароўя, то гэта, даруйце, яшчэ і пагоршылася. Існуе падзел на інвалідаў і на не інвалідаў, на сваіх і чужых. І так зьяўляецца дыскрымінацыя. Менавіта гэта жахлівая зьява дыскрымінацыі сёньня зьяўляецца прычынай таго,што сотні інвалідаў-вазочнікаў гадамі ня могуць выйсьці са свайго дому. Яны гадамі знаходзяцца ў клетцы, у тым самым зьняволеньні, у якое пасаджаны ў пакараньне за тое, што яны атрымалі гэтую інваліднасьць».

Удзельнікі мітынгу адзначалі, што зьбірацца трэба не на плошчы Бангалор, дзе іх ніхто ня бачыць і ня чуе, а ў цэнтры. Валянціны Гапон прапанавала, каб здаровыя людзі на сабе адчулі, як гэта быць інвалідам-вазочнікам у Беларусі:

«Я наогул прапанавала б, узяць Менгарывканкам, пасадзіць у інвалідныя каляскі і зрабіць рэйд па гораду. Вось тады дакладна было б».

Адзін з удзельнікаў мітынгу Вячаслаў прывёз з сабой котку ў клетцы, як сымбаль становішча інваліда-вазочніка ў Беларусі. Да клеткі быў прымацаваны плякат:

«Што азначае? Вось тут усё напісана: "У мяне ўсе добра. Я жыву ў клетцы". Гэта азначае, што мы ня можам выйсьці з пад’езда, ня можам падняцца на лесьвіцу, ня можам пераехаць высокія бардзюры. Дзяржава робіць, толькі не для нас. Нібыта на паперы ўсё добра, а як узяцца, дык нічога няма».

У адрозьненьне ад апазыцыйных мерапрыемстваў, падчас мітынгу інвалідаў-вазочнікаў пляцоўка не абгароджвалася турнікетамі, удзельнікаў не абшуквалі і не прапускалі праз мэталяшукальнікі, было даволі мала міліцыі, арганізатарам дазволілі пранесьці гукаўзмацняльную тэхніку.



У Беларусі 5,4% ад усяго насельніцтва складаюць інваліды, то бок больш за 500 тысяч чалавек. Зь іх каля 20 тысяч перасоўваюцца на інвалідных калясках.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG