Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская міліцыя разагнала канцэрт анархістаў


Пад Берасьцем міліцыя разагнала «міжнародны зьлёт» анархістаў. Затрымалі 11 чалавек. Анархісты кажуць, што сабраліся не на зьлёт, а на канцэрт.

Паводле прэс-службы Берасьцейскага ўпраўленьня ўнутраных спраў, «на мерапрыемстве прысутнічала больш за 150 асобаў, у тым ліку прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама Ўкраіны і Польшчы. Яны абмяркоўвалі пляны сумеснай арганізацыі скаардынаваных дзеяньняў экстрэмісцкага характару, накіраваных на парушэньне грамадзкага парадку і бясьпекі».

У інфармацыі прэс-службы Берасьцейскага УУС паведамляецца, што на гэтым сходзе «выказваліся лёзунгі ў падтрымку анархістаў, затрыманых у г. Менску і асуджаных за закідваньне бутэлькамі з запальнай сумесьсю амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, на прыкладзе апошніх падзеяў у Польшчы, калі анархісты правялі шэсьце па цэнтральных вуліцах Варшавы, прапаноўвалася скаардынаваць дзеяньні па міжнароднай супрацы з выездам на месцы правядзеньня акцыяў».

Прэс-служба паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі 11 актывістаў, якіх паставілі на фота- і відэаўлік. На некаторых склалі адміністратыўныя пратаколы.
Гэта быў проста канцэрт, на якім выступалі рок-гурты.

Аднак прадстаўнікі анархісцкага руху Берасьця не зусім пагаджаюцца з такой інфармацыяй. Як распавёў «Свабодзе» берасьцейскі анархіст, які захацеў застацца неназваным, міліцыя разагнала звычайны рок-канцэрт, а не «экстрэмісцкі зьлёт»:

«Там не было ніякага зьлёту анархістаў, там быў звычайны канцэрт на адкрытым паветры ў лесе за Берасьцем. Ён меўся быць усю ноч. Аднак гадзіны ў дзьве ночы хлопцы, якія раней зьехалі, пабачылі, што туды едуць аўтазакі. Яны папярэдзілі, патэлефанавалі. Таму там практычна ўсе змаглі схавацца. Наконт таго, што там нейкі міжнародны зьлёт быў — гэта няпраўда. У асноўным там былі берасьцейскія. Гэта быў проста канцэрт, на якім выступалі рок-гурты».

Затрыманых адпусьцілі праз тры гадзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG