Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым Асада абвінавачаны ў ваенных злачынствах


Syria -- Syrian soldiers man a checkpoint in the Bab Amro neighbourhood of the central restive city of Homs, 02May2012
Syria -- Syrian soldiers man a checkpoint in the Bab Amro neighbourhood of the central restive city of Homs, 02May2012

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch абвінаваціла рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў ваенных злачынствах.

Паводле праваабаронцаў, сырыйскія ўрадавыя сілы забілі ня менш чым 95 цывільных жыхароў краіны ў паўночнай правінцыі Ідліб у сакавіку і красавіку, калі паміж рэжымам Асада і паўстанцамі ішлі перамовы аб спыненьні агню пры пасярэдніцтве пасланьніка ААН Кофі Анана.

«Калі дыпляматы абмяркоўвалі дэталі пляну Анана дзеля замірэньня, сырыйскія танкі і верталёты ў правінцыі Ідліб атакавалі адзін горад за адным. Усюды, дзе мы ні пабывалі, мы бачылі спаленыя і разбураныя дамы, крамы і аўтамашыны, і гаварылі зь людзьмі, якім забілі сваякоў і родных. Выглядала на тое, як быццам сырыйскія ўрадавыя сілы імкнуліся выкарыстаць кожную хвіліну перад перамір’ем, каб нанесьці як мага больш шкоды» — сусьветныя прэс-агенцтвы цытуюць Анну Нэйстат, прадстаўніцу Human Rights Watch.

Замірэньне было афіцыйна ўведзенае 12 красавіка, але з таго часу неаднаразова парушалася абодвума бакамі канфлікту.

Баі паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі ў паўночнай частцы Сырыі, блізка мяжы з Турцыяй, працягваліся і 2 траўня.

У Сырыі цяпер знаходзіцца 31 назіральнік ад ААН. Назначаная ААН незалежная міжнародная сьледчая камісія ў справе Сырыі да гэтай пары апублікавала дзьве справаздачы аб ходзе канфлікту. У мінулым месяцы камісія перадала камісару ў правах чалавека ААН Наві Пілай тайны сьпіс сырыйскіх афіцыйных асобаў, у дачыненьні да якіх можна адкрыць расьсьледаваньне ў справе злачынстваў супраць чалавечнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG