Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» прэзэнтавала выданьні, прысьвечаныя Плошчы і яе героям

абноўлена

2 траўня праваабарончы цэнтар «Вясна» прэзэнтаваў адразу два выданьні: фотаальбом пра падзеі 19 сьнежня 2010 году і вязьняў Плошчы «За права на выбар: партрэты асуджаных. Плошча-2010» і зборнік «Наша Вясна. Гісторыя ў асобах».

«Падзеі Плошчы-2010 працягваюцца і зараз. Нашая ацэнка тых падзеяў не зьмянілася і мы па-ранейшаму лічым, што масавых беспарадкаў не было, і што ўсе прысуды за Плошчу зьяўляюцца палітычна матываванымі. Мы па-ранейшаму патрабуем вызваленьня палітвязьняў — неадкладнага і безумоўнага», — заявіў на прэзэнтацыі намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, дадаўшы, што выданьні будуць прадстаўленыя ў пяці краінах.

Спадар Стэфановіч таксама зазначыў, што грамадзтва ў Беларусі зноў заціснутае страхам, і што дапамагчы вызваленьню палітвязьняў хутчэй дапаможа замежны чыньнік, чым беларускі.
Сяргей Казакоў і Зьміцер Дрозд.
Сяргей Казакоў і Зьміцер Дрозд.

Праваабаронца Алена Лапцёнак, якая ўзяла слова, расказала, што прадмову да альбома пра палітвязьняў зьбіраўся напісаць Алесь Бяляцкі, але летась ён сам стаў палітвязьнем. Таму прадмову напісаў журналіст і палітоляг Аляксей Кароль, які назваў прэзэнтаваныя выданьні «важнейшай крыніцай для беларускай гісторыі новага часу»:

Аляксей Кароль: «Плошча-2010 ёсьць знакавай падзеяй для гісторыі. У будучым гісторыкі аднясуць гэтую дату да пачатку канца таталітарнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі ў 1990-х. Мэханізм разбурэння гэтага рэжыму быў запушчаны 19 сьнежня 2010 году. Гэта падзея сумная, але і аптымістычная. На Плошчу выйшла да 40 тысяч чалавек. Хапіла маленькай паўзы, лібэралізацыі, каб страх расьсеяўся. Гэта знак таго, што страх расьсейваецца хутка. Улада добра разумее, што яшчэ крыху адпусьці — і ўжо нічога не стрымае народ, вырве кантроль за сытуацыяй зь іх рук. Плошча — не выпадковасьць, а зьява ў вызвольным руху Беларусі. Пункт погляду ўлады на тыя падзеі як на беспарадкі, ня мае падтрымкі ў грамадзтве».

Усяго ў альбоме 49 герояў, палітвязьняў Плошчы. Жонка аднаго зь іх, палітвязьня Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч выказала перакананьне, што Плошча не была дарэмнай, што яна набліжае свабоду Беларусі:

«Сьвет пераканаўся ў брутальным і антычалавечным характары ўлады ў Беларусі. Сёньня за кратамі знаходзяцца толькі чатыры вязьні Плошчы, але там жа — і Алесь Бяляцкі, і Мікола Аўтуховіч, і Сяргей Каваленка. Яны працягваюць сваю барацьбу. Гэта супрацьстаянне сілаў дабра і святла зь сіламі зла і цемры».
Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Другое выданьне, якое выпусьціла «Вясна», — зборнік інтэрвію з актывістамі арганізацыі «Наша вясна». Яно рыхтавалася да 15-й гадавіны «Вясны», год таму. Але тады выдаць кнігу не ўдалося.

У кнізе 18 інтэрвію з актывістамі, расказала праваабаронца Тацьцяна Равяка. Яна была падрыхтаваная да арышту Алеся Бяляцкага, які быў ініцыятарам гэтай кнігі.

Тацьцяна Равяка: «Перад арыштам Алесь сказаў нам: трымайце «Вясну», і мы гэта робім. Нас ня так проста будзе зламаць, а можа быць і немагчыма гэта будзе зрабіць. Гэта адзін з каменьчыкаў у шырокай гісторыі змаганьня за правы чалавека ў Беларусі.
Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

Былы вязень Плошчы Алег Федаркевіч, які прыйшоў на прэзэнтацыю з жонкай, падзякаваў усім за падтрымку, якую ён адчуў у той час, калі сядзеў у турме:

«Пажадана, каб найбліжэйшым часам для тых людзей, якія там сядзяць за той паход супраць рэжыму, усё скончылася», — падсумаваў Алег Федаркевіч.
Алег Федаркевіч
Алег Федаркевіч

Многім Плошча ў літаральным сэнсе адгукаецца і цяпер. Прыкладам, маладая дзяўчына Мая Абромчык, якой спэцназаўцы 19 сьнежня 2010 году зламалі нагу, дагэтуль працягвае лекавацца — нядаўна ёй зрабілі чарговую апэрацыю. Вінаватага ўлады так і не знайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG