Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас, пэнсіянэраў, абрабавалі!»


Пэнсіянэры пра падвышэньне пэнсіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:22 0:00
Наўпроставы лінк

Пэнсіянэры пра падвышэньне пэнсіі

З 1 мая беларускія пэнсіянэры атрымалі чарговую прыбаўку да пэнсіяў — у сярэднім 17%. Цяпер сярэднестатыстычны пэнсіянэр атрымае каля паўтара мільёна беларускіх рублёў. А самая вялікая пэнсія, якую могуць атрымаць пэнсіянэры, якія не працуюць, цяпер будзе складаць 2 мільёны 220 тысяч. Ці задаволеныя сваімі пэнсіямі менчукі і як ставяцца да чарговага падвышэньня?

Пэнсіянэры сталі першымі ахвярамі эканамічнага крызісу ў Беларусі. Паводле дасьледаваньня Беларускага эканамічнага цэнтру BEROC, у выніку дэвальвацыі іхныя рэальныя прыбыткі скараціліся амаль на 17 працэнтаў. З гэтай прычыны пэнсіянэры трапілі ў групу сацыяльнай рызыкі.

Пэнсіі падвышаюцца рэгулярна. Сёлета пэнсіянэры ўжо атрымлівалі большую пэнсію з 1 лютага, а ў мінулым годзе апошні раз прыбаўлялі да пэнсіі 1 лістапада.

Дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту, эканаміст Аляксандар Чубрык лічыць такое падвышэньне пэнсіяў неапраўданым:

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
«З пачатку году гэта ўжо другое даволі істотнае падвышэньне пэнсіяў. Калі першы раз гэта было цалкам абгрунтавана падвышэньнем цэнаў, якое адбылося напярэдадні перагляду пэнсіяў, то зараз, відавочна, пэнсіі падвысяцца ў рэальным вымярэньні. Гэта значыць, што іх пакупная здольнасьць павялічыцца. З аднаго боку, гэта добра, калі падвышаецца ўзровень жыцьця пэнсіянэраў. Гэта ж адна з найбольш сацыяльна ўразьлівых групаў насельніцтва. А з другога боку, я б не сказаў, каб тыя тавары, якія зараз спажываюць пэнсіянэры, вельмі істотна даражэлі. Напрыклад, камунальныя паслугі не падаражэлі настолькі, каб падвышаць пэнсіі на 17 адсоткаў».

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў бачыць палітычныя прычыны падвышэньня пэнсіяў:

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
«Трэба выконваць той сацыяльны кантракт, які дзяржава ў асобе Лукашэнкі мае з пэнсіянэрамі. Узровень жыцьця значна зьнізіўся ў сувязі з крызіснымі падзеямі ў эканоміцы. Цэны растуць, усе гэта бачаць. І незадаволенасьць уладай мацнее. Гэта яны бачаць, таму і падвышаюць пэнсіі».

Аляксандар Чубрык сьцьвярджае, што такое падвышэньне можа нэгатыўна адбіцца на працы пэнсійнага фонду, а таксама абавязкова зьверне на сябе ўвагу МВФ:

«Тое, што адбылося, — гэта заўчаснае падвышэньне пэнсіяў. Калі мы паглядзім на тое, што адбываецца зь сярэднім заробкам ад пачатку году, то, відавочна, падвышэньне сярэдняга заробку ў такім самым памеры яшчэ не адбылося. Значыць, пэнсіі ў параўнаньні з заробкам павялічыліся. А Беларусь магла сабе такое дазволіць толькі ў найлепшыя часы, а не ў такія часы, як цяпер.

На мой погляд, варта было б перагледзець памер пэнсіяў, але хапіла б іхнага падвышэньня ў адпаведнасьці з дынамікай спажывецкіх цэнаў. Такім чынам, мэтазгодна было б падвысіць пэнсіі на 6–7 адсоткаў».

Аляксандар Сасноў лічыць, што першаснае — гэта патрэбы людзей.

«А эканоміка выконвае гэтыя патрэбы. Калі падвысілі — хай эканоміка змагаецца за тое, каб выканаць патрэбы людзей. Калі эканоміка ня можа гэтага зрабіць, то трэба таго, хто стварыў такую эканоміку, самога адправіць на пэнсію».

На цяперашні момант у Беларусі пэнсіянэраў — каля двух з паловай мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG