Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пранікаюць у прыватныя кватэры як звычайныя бандыты»


Грамадзкія актывісты заяўляюць пра ўсё больш частыя выпадкі таемнага пранікненьня да іх у жытло невядомых асобаў і падазраюць у гэтых незаконных дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў. Спробы завесьці крымінальныя справы на невядомых зламысьнікаў пакуль безвыніковыя.

У арандаваную актывістамі «Маладога фронту» кватэру ў Менску пранік невядомы ці невядомыя. Акрамя сьлядоў ператрусу, маладафронтаўцы адзначылі зьнікненьне агітацыйных матэрыялаў. Паводле намесьніка старшыні «Маладога фронту» Насты Палажанкі, гэта ня быў афіцыйны візыт праваахоўнікаў у межах нейкай крымінальнай ці адміністрацыйнай справы. Актывістка падазрае, што ключы ад кватэры былі ўзятыя падчас арышту аднаго з маладафронтаўцаў: Мікалая Дземідзенкі, Уладзімера Яроменка, Рамана Васільева ці Міхала Мускага:

Наста Палажанка
Наста Палажанка
«Маладафронтавец, які застаўся на волі, прыйшоў увечары дахаты і пабачыў, што рэчы ўсе ў кватэры дагары нагамі, усё вывернута з усіх шафаў. І бачна было, што кватэра не была ўзламаная, гаспадарам не паведамлялі пра пранікненьне. Было зразумела, што ў іх быў ключ, якім яны адкрылі кватэру і зайшлі. Падобны быў выпадак нядаўна з Настай Шулейкай, у кватэру якой, калі яна была „на сутках“, гэтаксама праніклі. Калі яна вярнулася пасьля арышту, то не знайшла ў кватэры ноўтбука і фотаапарата. Гэта было пазаўчора, 30 красавіка».

Наста Палажанка заўважае пра такую практыку, якая дзейнічае ўжо больш за паўгода: асабістыя рэчы адміністрацыйна асуджанага застаюцца ў райаддзеле міліцыі, а не дасылаюцца ў ізалятар на Акрэсьціна, дзе трымаюць арыштанта, як было раней. Гэтак міліцыянты абышліся і з рэчамі самой Насты ў верасьні мінулага году, калі яе пасадзілі на Акрэсьціна. Скаргі ў міліцыю, каб яе торбу з асабістымі рэчамі прывезьлі ў ізалятар, не падзейнічалі, згадвае Наста Палажанка:
Не патрэбны ані ордэр, ані панятыя. Прыйшлі, адчынілі дзьверы, забралі што трэба і сышлі.

«Вобшукі ня могуць быць проста так. Яны, як правіла, зьвязаныя з заведзенай крымінальнай справай. Ты хаця б разумееш, з чым гэта зьвязана. А зараз — гэта проста такі бандытызм. Людзі максымальна спрасьцілі сабе задачу. Не патрэбны ані ордэр, ані панятыя. Прыйшлі, адчынілі дзьверы, забралі што трэба і сышлі».

У міліцыі адмаўляюцца камэнтаваць абвінавачаньні маладафронтаўцаў і кажуць, што грамадзянам, якія лічаць сябе пацярпелымі, трэба зьвяртацца ў органы міліцыі па месцы жыхарства з заявамі аб пранікненьні ў жытло. Але ці будзе з гэтага вынік?

Алег Воўчак
Алег Воўчак
У канцы студзеня пасьля 4 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю з ізалятара на Акрэсьціна праваабаронца Алег Воўчак. Калі былы сьледчы пракуратуры Воўчак вярнуўся дадому, ён высьветліў, што з кватэры зьнік пашпарт,— між тым, сьлядоў узлому ў кватэры не знайшоў. Ён палічыў, што невядомыя візытэры скарысталі ключы, якія ў яго адабралі на час адміністрацыйнага арышту. З таго часу Алег Воўчак дамагаецца завядзеньня крымінальнай справы, але пакуль марна:

«На сёньня я працягваю пісаць скаргі. Цэнтральны РАУС дагэтуль не завёў крымінальную справу і працягнуў праверку да 7 траўня. 3 месяцы ўжо правярае. Лічу гэта незаконным, бо паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу на завядзеньне справы даецца толькі 10 дзён. Таму я напісаў яшчэ скаргу на імя пракурора Менску, каб той даручыў пракуратуры ўзяць справу на свой кантроль. Бо супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, якія датычныя да гэтай гісторыі, самі ж і разглядаюць маю скаргу аб завядзеньні крымінальнай справы. Пашпарт дагэтуль ня знойдзены. Мне, праўда, выдалі новы, але я працягваю высьвятляць, якім жа чынам той пашпарт зьнік з кватэры».

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
У грамадзкіх актывістаў і журналістаў пасьля візытаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў зьнікаюць ня толькі пашпарты і агітацыйныя матэрыялы, але і грошы, і кампутары. Рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна, якая цяпер жыве ў Літве, згадала, што ёй дагэтуль не вярнулі кампутары, відэакамэру, дыктафон і 600 даляраў, якія забралі зь яе менскай кватэры і офісу «Хартыі» пасьля таго, як саму яе арыштавалі ў ноч на 20 сьнежня 2010 году:

«Плюс не вяртаюць кампутар майго пляменьніка, які забралі ў доме маіх бацькоў у Кобрыне, пасьля таго, як я ўцякла зь Беларусі. Але ніхто нічога не вяртае. Ані мне гэтыя кампутары з офісу і дому, ані майму пляменьніку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG