Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынц Ўільям прынёс бы больш карысьці, калі б паехаў на Эўра-2012


Ці варта кіраўніку ангельскай футбольнай асацыяцыі прынцу Ўільяму наведваць Эўра-2012, пакуль аранжавая рэвалюцыянэрка Юлія Цімашэнка марнее ў турме? На гэтае пытаньне адказвае дыпляматычны рэдактар лёнданскай газэты The Times Роджэр Бойз.

Ангела Мэркель і Жузэ Мануэл Барозу разглядаюць магчымасьць палітычнага байкоту ўкраінскай часткі чэмпіянату, павялічваецца ціск і на іншых эўрапейскіх палітыкаў, каб яны ўстрымаліся ад наведаньня чэмпіянату ва Ўкраіне. Аргумэнт: толькі пэрспэктыва публічнага прыніжэньня прымусіць украінскія ўлады выявіць літасьць у дачыненьні да Цімашэнкі.

Аднак прынцу Ўільяму, як і прэм'еру Дэйвіду Кэмэрану варта было б паехаць у тым неверагодным выпадку, калі Ангельшчына дойдзе да фіналу. Прыхільнікі байкоту, магчыма, дбаюць у душы пра інтарэсы сп-ні Цімашэнкі, але яны не разумеюць, што характар барацьбы за правы чалавека мяняецца. Сёньня фізычная прысутнасьць значыць больш, чым сымбалічная адсутнасьць.

Некалі падтрыманыя ўладамі спартовыя байкоты мелі сэнс. Яны дэманстравалі міжнароднае грэбаваньне апартхайдам. Байкот маскоўскай алімпіяды 1980 году, магчыма, быў млявым адказам на савецкае ўварваньне ў Афганістан, але ён трапіў у цэль.

У нашы дні асьвятляныя ў тэлевізіі вялікія міжнародныя спаборніцтвы становяцца часткай самасьцьвярджэньня краіны, і закрытыя грамадзтвы асабліва балюча ўспрымаюць празьмерную ўвагу сацыяльных мэдыяў. Дастаткова аднаго чалавека з айфонам тварам у твар з паліцэйскім гвалтам, каб выкрыць шматмесячную сплянаваную прапаганду. Ютуб, Твітэр і Фэйсбук зьмянілі спосабы вядзеньня праваабарончых кампаніяў, і аргумэнт «гэта ўсяго толькі спорт» ужо не вытрымлівае крытыкі.

Настаў час перанесьці мэтады, якім навучыла Арабская Вясна, у спартовыя арэны або канцэртныя залі.

Меркаваньні могуць мяняцца і ў дачыненьні да Эўра-2012, і ад конкурсу Эўравізіі ў Азербайджане ў наступным месяцы, і да пуцінскай зімовай алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе. Але палітычнае лабіраванне спрацуе толькі калі самі людзі і іх палітычныя прадстаўнікі апынуцца ў месцы падзеяў. Заўзятары мусяць узяць прыклад з грамадзянскіх журналістаў і стаць грамадзянскімі заўзятарамі, гатовымі дзяліцца інфармацыяй, кантактаваць зь людзьмі краіны-гаспадара, выяўляць цікаўнасьць. Палітыкі мусяць браць сваіх замежных калегаў за гузік. Праваабарончыя арганізацыі мусяць распрацаваць стратэгіі для масавых мерапрыемстваў: дапамагаць ладзіць намётавыя мястэчкі, каб заўзятары маглі кантактаваць зь незадаволенымі мясцовымі грамадзянамі.

Калі прынц Ўільям будзе прысутны на трыбунах Эўра-2012, паліцыя яшчэ добра падумае, перш чым разганяць людзей, што трымаюць у руках плякаты з патрабаваньнямі вызваленьня палітвязьняў. Лепш за ўсё было б, калі б ён надзеў аранжавы шалік. Наагул, варта было б раздаць нашым заўзятарам тысячы аранжавых шалікаў. Гэта ня зьменіць сьвет і нават не дапаможа ангельскай зборнай выйграць, але гэта можа прымусіць гледачоў ва ўсім сьвеце задумацца над тым, што адбываецца ў камэры харкаўскай турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG