Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны журналістаў: Беларусь у 10-цы найгоршых


Дыктатарскі кантроль над асьвятленьнем навін з дапамогай прапаганды, гвалту і найноўшых тэхналёгій характэрны для 10 краін з самай жорсткай цэнзурай, сярод якіх і Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы Камітэту абароны журналістаў, публікацыя якой прымеркавана да Сусьветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня.

Эрытрэя, Паўночная Карэя і Сырыя лідзіруюць у сьпісе і пацьвярджаюць тым самым, што абмежаваньні ў гэтых краінах на распаўсюджваньне інфармацыі аказваюць прыкметны уплыў на сусьветную геапалітычную стабільнасьць, гаворыцца ў справаздачы.

«У імя стабільнасьці і разьвіцьця палітычныя рэжымы гэтых краін душаць незалежнае асьвятленьне падзей, узмацняюць прапаганду і выкарыстоўваюць тэхналёгію для кантролю за грамадзянамі замест прадстаўленьня ім законных правоў, – кажа выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Джоэль Сайман. – Журналістаў тут разглядаюць як пагрозу, ім часта даводзіцца дорага плаціць за свае рэпартажы. Але паколькі разьвіцьцё Інтэрнэту і гандлю прывяло да глябалізацыі інфармацыі, цэнзура, якая існуе ўнутры адной краіны, адбіваецца на ўсіх нас».

У сваёй справаздачы Камітэт абароны журналістаў падрабязна разглядае ўплыў цэнзуры на кожную з краін у асобнасьці і вылучае агульныя тэндэнцыі, у прыватнасьці спрэчную легітымнасьць кіраўніцтва і нізкія тэмпы эканамічнага разьвіцьця ў краінах з найбольш жорсткай цэнзурай. Паводле дадзеных справаздачы Камітэту, у Эрытрэі дазволена дзейнасьць толькі дзяржаўных сродкаў інфармацыі, а міжнародныя СМІ забаронены. У Паўночнай Карэі афіцыйныя крыніцы агенцтва распрацоўваюць кантэнт для мясцовых СМІ, а замежныя журналісты карыстаюцца абмежаваным доступам да інфармацыі і знаходзяцца пад пастаянным назіраньнем. Сырыя больш за год таму ўвяла забарону на незалежнае асьвятленьне падзей і практыкуе расправы, электронныя напады і адключэньне сродкаў камунікацыі.

Акрамя пералічаных вышэй, у дзясятку краін з найбольш жорсткай цэнзурай увайшлі Іран, Экватарыяльная Гвінея, Узбэкістан, Бірма, Савудаўская Арабія, Куба і Беларусь.

Новы рэйтынг, які зьяўляецца абнаўленьнем сьпісу 2006 году, быў складзены з улікам 15 асноўных паказчыкаў, па якіх экспэрты Камітэту абароны журналістаў праводзілі ацэнку. Сярод іх блякаваньне вэб-сайтаў, абмежаваньні на запіс і распаўсюджваньне інфармацыі ў электронным выглядзе, адсутнасьць прыватных ці незалежных сродкаў інфармацыі, абмежаваньні на перамяшчэньне журналістаў, глушэньне замежных тэлерадыёпраграм і забарона на дзейнасьць замежных карэспандэнтаў.

Ва ўсіх краінах сьпісу прысутнічаюць прынамсі 10 з гэтых парамэтраў. Акрамя таго, КАЖ разгледзеў сытуацыю ў Азэрбайджане, Этыёпіі, Кітаі, Судане, Туркмэністане і Віетнаме – краінах зь вельмі жорсткай цэнзурай, якія патрабуюць увагі міжнароднай грамадзкасьці.

З справаздачай можна азнаёміцца на арабскай, ангельскай, францускай, расейскай ды гішпанскай мовах.

Камітэт абароны журналістаў таксама апублікаваў відэа з інфармацыяй аб 10 краінах з найбольш жорсткай цэнзурай і кароткім пералікам існуючых у іх абмежаваньняў.

Зарэгістраваны ў Нью-Ёрку Камітэт абароны журналістаў зьяўляецца незалежнай некамэрцыйнай арганізацыяй, створанай для барацьбы за свабоду прэсы ва ўсім сьвеце.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG