Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-польская мяжа вачыма чэха


Горадня. Людзі бягуць на беластоцкі цягнік пасьля памежнага і мытнага кантролю
Горадня. Людзі бягуць на беластоцкі цягнік пасьля памежнага і мытнага кантролю

Карэспандэнт Чэскага радыё ў Польшчы, балтыйскіх краінах і Беларусі Пэтр Ваўроўшка дзеліцца ў блогу на сайце радыё --> http://www.rozhlas.cz/radiozurnal/zzz/_zprava/petr-vavrouska-na-polskobeloruske-hranici-je-zivo--1049506 сваімі назіраньнямі за нялёгкім жыцьцём беларускіх кантрабандыстаў.

Падарожжа на аўтамабілі паміж краінамі Эўразьвязу сёньня ўжо справа даволі нудная. Нідзе ніякага кантролю, на межах не пагражаюць нават агляд багажніка аўтамабіля і грунтоўны асабісты дагляд. Як правіла, нават не заўважаеш, што з адной краіны праехаў ў іншую. А вось на польска-беларускай мяжы пануе зусім іншая атмасфэра.

Цягнік, які ходзіць два разы на дзень паміж польскай Кузьніцай і беларускай Горадняй, - проста такая мясцовая электрычка. Аднак у вагонах дзень пры дні адбываецца адмысловае моднае дэфіле.

Людзі, танна набыўшы на польскім баку вопратку, зараз мусяць перавезьці яе на рынак у Беларусі. Аднак, каб не плаціць мыта, яны ўсё надзяваюць на сябе. Я быў адзіным пасажырам, які спакойна сядзеў і ня кідаўся пераапранацца.

Было бачна, што ў жанчын старэйшых сыстэма ўжо распрацавана і наладжана. Спачатку яны надзелі на сябе некалькі цесных калготак, на іх - аблягальныя рэйтузы, а зьверху - двое штаноў. На штаны яны нацягнулі яшчэ і доўгую спадніцу. Дадалі некалькі блузак, швэдраў і, нарэшце, паліто. І вось у вагоне раптам зьявілася некалькі цалкам аднолькава апранутых пэнсіянэрак.

У беларускай Горадні яны ўсё зь сябе зьнялі і прадалі на рынку недалёка ад вакзалу. На гэтых некалькіх рэчах яны хоць і не разбагацеюць, але зь іх мізэрнай пэнсіяй кожны рубель на рахунку. У Беларусі ўжо некалькі месяцаў невыносная эканамічная сытуацыя, і людзі спрабуюць падзарабіць любымі спосабамі. Кантрабанда - адна з магчымасьцяў.

Жанчыны хаваюць вопратку ў цягніку на сваім целе, а мужчыны спрабуюць выкарыстоўваць машыны. У суседнюю Польшчу яны спрабуюць перавезьці галоўным чынам танны бэнзін і танныя цыгарэты. У Беларусі літар бэнзіну каштуе крыху менш за даляр, у Польшчы – больш за два. Той, хто хоча зарабіць, мусіць дзейнічаць ужо правераным спосабам.

Найлепшая машына для кантрабанды паліва - стары Volkswagen Passat. У яго бак улазіць 80 літраў бэнзіну. Калі нахіліць аўтамабіль, можна дадаць яшчэ пару літраў. Таму сёньня на польска-беларускім памежным пераезьдзе стаяць калёны менавіта гэтых машын.

Польскія мытнікі ня могуць загадаць беларусам, на якіх машынах езьдзіць у Польшчу. Але палякі, прынамсі, выдалі распараджэньне, што канкрэтная машына можа перасякаць мяжу толькі раз за шэсьць дзён.

Знайшліся ўмельцы, якія ўсталёўваюць у машыне дадатковы бак. І пра гэта палякі здагадаліся. Так, на мяжы ёсьць лічыльнікі і спэцыяльныя помпы, якія высмоктваюць зьмесьціва бака за некалькі сэкунд. Калі на экране высьвечваецца, напрыклад, аб'ём 200 літраў - усё адразу ясна.

Беларускі бэнзін і дызэль адразу за мяжой чакаюць у першую чаргу польскія земляробы, якім трэба паліва для трактароў. Пераліваньне з дапамогай шлянгаў доўжыцца сэкунды. І на гэтым зарабляюць абодва бакі.

З кантрабандай блёкаў цыгарэт крыху складаней. У машыне ня так шмат месцаў, дзе можна схаваць цыгарэты, і мытнікі ўжо ведаюць усе фокусы. Апошні - набіваць цыгарэтамі дзіцячыя крэслы.

Соннае дзіця мытнікі будзіць не хацелі. Але потым ім здалося падазроным, чаму раптам зьявілася столькі беларусаў, якія перавозяць дзяцей праз мяжу і назад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG