Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя ў Мазыры выслухаць Івашкевіча


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

Прафкам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу пакуль ня вызначыўся наконт прапановы менскага палітыка Віктара Івашкевіча арганізаваць адкрыты сход працаўнікоў прадпрыемства зь ягоным удзелам.

У прафкаме прадпрыемства адказваюць, што старшыня прафсаюзнага камітэту Вольга Кулыба бачыла прапанову Івашкевіча. Але яна сышла ў адпачынак і будзе на працы пасьля 9 траўня. Ніякага адказу палітыку да таго часу ня будзе.

Намесьніца старшыні прафкаму Ірына Батурэвіч наагул ня ведае пра ліст Івашкевіча. Асабіста яна мяркуе, што ад яе жаданьня не залежыць, выступіць палітык на прадпрыемстве ці не:

«Гэта ня так проста — ён напісаў, і тут пад сьвісток усе адразу кінуліся штосьці рабіць. Няхай напіша ня нам ліст, а генэральнаму дырэктару нашага прадпрыемства, паколькі і Палац культуры, і ўсё астатняе належыць заводу. Мы ў іх арандуем памяшканьне, дзе знаходзімся. І мы ня можам дыктаваць сваю волю. Ёсьць іншыя службы на заводзе, якім дырэктар мусіць расьпісаць і ўзгадніць гэтае пытаньне зь імі».

Акцыянэр прадпрыемства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» спадар Аляксандар лічыць, што Івашкевічу калі й прыяжджаць на завод, то толькі пад аховай міліцыі, бо могуць проста пабіць. Усё-ткі ад рытмічнай працы заводу залежаць лёсы ня толькі чатырох тысяч яго працаўнікоў, але й іхніх сем’яў — агулам каля 15 тысяч жыхароў Мазыра. І вельмі кепска, што ў краіне прадстаўнікі палітычных арганізацыяў, незалежныя эканамісты ня могуць публічна выказацца ні на тэлебачаньні, ні ў працоўных калектывах:

Толькі каб у яго ахова была, каб міліцыя зь ім была, бо яго могуць проста пабіць ...

«Гэта брыдота, што не даюць ім выступаць. Гэта брыдота! Павінны даваць выступаць — па тэлевізары, калі, ласка, па радыё. Чаму тыя, якія набліжаныя, яны могуць выступаць — той жа Румас, яны могуць часаць язык, а іншым — не даюць? Гэта няправільна. І Івашкевіч няхай выступае. Хто яму забараняе? Толькі каб у яго ахова была, каб міліцыя зь ім была, бо яго могуць проста пабіць».

Работніца Мазырскага НПЗ спадарыня Цыбліенка падала ў суд на Віктара Івашкевіча за заклік да эўрапейскіх палітыкаў увесьці эмбарга на беларускія нафтапрадукты. Цыбліенка патрабуе ад Віктара Івашкевіча 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні Івашкевіча. У адказ палітык і прапанаваў выступіць у калектыве, каб агучыць сваю пазыцыю наконт санкцыяў, эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне.

Зьвярнуўся Віктар Івашкевіч і да старшыні прафкаму Наваполацкага НПЗ Вольгі Рагоўскай з прапановай выступіць перад працаўнікамі заводу. Прафкам гэтага прадпрыемства таксама заяўляў пра магчымасьць падаць пазоў супраць Івашкевіча, каб спагнаць кампэнсацыю за маральную шкоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG