Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хуткасьць праверкі — 10 машын за гадзіну»


Пра сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы распавёў мянчук Мікалай Розаў, які ў нядзелю 29 красавіка выправіўся на аўтамабілі ў Вільню на канцэрт гурту «Крамбамбуля», але прастаяў на мяжы 11 гадзінаў і на канцэрт не пасьпеў. Раніцай 30 красавіка Мікалай Розаў вярнуўся зь Вільні ў Менск.

«Затор быў на беларускім баку мяжы, але прычына, на маю думку, была ў дзеяньнях літоўскага боку. Каб у прамежкавай зоне паміж беларускім і літоўскім пастамі не сабралася зашмат аўтамабіляў, беларусы прапускалі туды аўтамабілі часткамі, па меры прасоўваньня чаргі. А літоўцы як дзейнічалі? Нельга сказаць, што былі бачныя нейкія надуманыя прычыны, кшталту таго, што прыдзіраліся. Маўляў, брудны аўтамабіль ці невыкананьне нейкіх правілаў. Такога не было. Усё было нармальна, ляяльна, але вельмі-вельмі марудна. На кожны аўтамабіль ішло зашмат часу. Я магу падлічыць. Мы пад’ехалі ў 12.10 у нядзелю, і я прайшоў уздоўж усёй калёны і падлічыў — было больш за 50 аўтамабіляў. І вось да першага сьвятлафору мінула гадзін 6, каб прайшлі гэтыя больш за 50 аўтамабіляў. Такім чынам, хуткасьць чаргі была 10 аўтамабіляў на гадзіну. Беларускую мытню праехалі хутка, літаральна за некалькі хвілін. Беларускі супрацоўнік сабраў дакумэнты адразу на некалькі аўтамабіляў, бегла агледзеў аўтамабілі, груз, аднёс дакумэнты, усё нам праставілі. Стаяла велізарная сьпякота, мы былі рады, што нарэшце ўсё зрушылася, заехалі ў прамежкавую зону, думалі, што зараз літоўцы, як заўсёды, хутка нас прапусьцяць, але там мы чакалі амаль яшчэ столькі ж. Усяго атрымалася, што мяжу праходзілі 11 гадзінаў».

Паводле Мікалая Розава, чарга грузавых аўтамабіляў каля беларуска-літоўскай мяжы расьцягнулася больш як на 16 кілямэтраў. На зваротным шляху зь Літвы ў Беларусь Мікалай Розаў пераяжджаў мяжу а 2-й гадзіне ночы на панядзелак, 30 красавіка, тамсама — на пераходзе Каменны Лог. «Каб заехаць у Беларусь, чакалі дзьве гадзіны, а вось зь Беларусі ў Літву стаяла амаль гэткая ж чарга, як і ўдзень», — падзяліўся назіраньнямі Мікалай Розаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG