Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў праігнараваў справы Бяляцкага і Статкевіча


Тэма палітвязьняў у Беларусі закраналася на пасяджэньні Рады ў правах чалавека пры прэзыдэнце РФ 28 красавіка, перадае БелаПАН.

Як вынікае са стэнаграмы пасяджэньня, разьмешчанай на сайце Крамля, кіраўнік Цэнтру разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека Юры Джыбладзэ заявіў, што Расея павінна рэагаваць на факты парушэньня правоў чалавека ў краінах-партнэрах.

У якасьці прыкладу Джыбладзэ назваў Туркмэністан і Беларусь. Ён, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на сытуацыю зь беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, які асуджаны на чатыры з паловай гады «за нібыта ўхіленьне ад падаткаў, а насамрэч – за шматгадовую прынцыповую пазыцыю і працу ў галіне правоў чалавека». Для вырашэньня гэтага пытаньня Расея амаль нічога ня робіць, падкрэсьліў Джыбладзэ і перадаў Дзьмітрыю Мядзьведзеву зварот чальцоў Рады ў правах чалавека ў абарону Бяляцкага.

«Наша краіна, якая імкнецца мець вядучае становішча ў сьвеце, ня можа і не павінна ігнараваць праблему правоў чалавека ня толькі ў сябе дома, але і ў суседніх краінах. З таго, каму шмат дадзена і хто прэтэндуе на многае, і попыт большы, і адказнасьць павінна быць больш сур'ёзнай», – перакананы праваабаронца.

Мядзьведзеў ніяк не пракамэнтаваў справу Бяляцкага, а кажучы пра ўвязьненых кандыдатаў у прэзыдэнты, пераключыў увагу зь беларускай сытуацыі на ўкраінскую:

«Пагадзіцеся, што ў пэўны пэрыяд і мне, і Міністэрству замежных спраў прыйшлося рабіць вельмі жорсткія заявы, якія тычацца выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, на Ўкраіне. Гэта няпроста насамрэч, бо гэта сапраўды вельмі блізкія краіны. І нават па цэлым шэрагу спраў, якія ў гэты момант разглядаюцца, яны на нас вельмі моцна крыўдзіліся, тым ня менш гэта была і мая пазыцыя, і я МЗС даваў указаньні, у частцы перасьледу палітычных праціўнікаў гэта абсалютна непрымальна, гэта кідае цень і на саму дзяржаву, напрыклад, калі казаць пра Ўкраіну, і на тых, хто такія рашэньні прымае. Можна ненавідзець адзін аднаго, можна казаць усё што заўгодна ў палемічным запале і ў запале палітычнай барацьбы, але калі на лаве падсудных і ў турме аказваюцца ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, прамыя супернікі па палітычным працэсе, гэта як мінімум выклікае велізарнае зьдзіўленьне нават з улікам нашых багатых таталітарных традыцый».


Юры Джыбладзэ зьяўляецца ў Беларусі пэрсонай нон грата. 27 жніўня 2011 году, калі праваабаронца ехаў на цягніку ў Вільню, на мяжы зь Літвой беларускія памежнікі паведамілі Джыбладзэ, што яму «забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь». «Для мяне відавочна, што забарона ўезду напрасткі зьвязаная з маёй законнай прафэсійнай праваабарончай дзейнасьцю. Я разумею, што дзяржавы пакідаюць за сабой права не пускаць людзей на сваю тэрыторыю зь меркаванняў бясьпекі. Але ў Беларусі гэты мэханізм абсалютна непразрысты – незразумела, хто прымае рашэньне і як яго аспрэчваць, што супярэчыць нормам міжнароднага права» – так пракамэнтаваў тады сытуацыю расейскі праваабаронца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG