Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцак: актывістку Зінаіду Цімошак судзяць за рыдлёўкі


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

Суд Слуцкага раёну 27 красавіка пачаў разглядаць пазовы дэпутатаў мясцовага райсавету па адміністрацыйнай справе супраць грамадзкай актывісткі Зінаіды Цімошак.

Дэпутаты імкнуцца спагнаць з пэнсіянэркі шматмільённыя штрафы за тое, што яна нібыта зьняважыла іхныя гонар і годнасьць.

Канфлікт у Слуцку пачаўся летась 1-га кастрычніка. Грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошак арганізавала тады суботнік, каб зрабіць парадак на старых могілках, што на вуліцы 14-ці Партызан. Запрашэньні на суботнік атрымалі жыхары Слуцку, а таксама ўсе 24 дэпутаты Слуцкага райсавету.

Суботнік адбыўся ў прызначаны час. Для дэпутатаў нехта выставіў на могілках рыдлёўкі. На чаранках былі прымацаваныя таблічкі з прозьвішчамі дэпутатаў. Ім гэтыя радлёўкі з надпісамі падаліся крыжамі.

Празь месяц Зінаіду Цімошак абвінавацілі ў тым, што яна «знарок зьняважыла гонар і годнасьць дэпутатаў у непрыстойнай форме». У Слуцку па адміністрацыйнай справе супраць Зінаіды Цімошак адбылося ўжо тры судовыя паседжаньні. Адно зь іх — сёньня.

Зінаіда Цімошак:

«Гэта — палітычная замова, каб у Слуцку ліквідаваць усялякую апазыцыйную дзейнасьць. Я пра гэта і на судзе сказала. А яны ўвогуле ня слухаюць нічога. Ім трэба, каб я канкрэтна была вінаватая».

Паводле Зінаіды Цімошак, яна не прызнае сябе вінаватай, абвяргае, што мае дачыненьне да «імянных рыдлёвак» дэпутатаў, кажа, што іх прынёс нехта іншы. Таксама спадарыня Зінаіда заявіла адвод судзьдзі Сьвятлане Пастуховай:

«Я лічу, што гэтая судзьдзя і раней парушыла шмат якія працэсуальныя нормы, незаконна мяне пакарала штрафам у 700 тысяч рублёў. Але Сьвятлана Пастухова адхіліла маё хадайніцтва аб недаверы. Таксама я прасіла не праводзіць паседжаньне без адваката да таго, пакуль ня будзе атрымана рашэньне з абласнога суду па маёй нагляднай скарзе, якую я даслала раней. Урэшце я заявіла, што судзьдзя й дэпутаты прагнуць майго пакараньня. Але прыйдзе яшчэ час, калі будзе справядлівы суд, і ўсе тыя грашовыя спагнаньні зь мяне заплацяць тыя людзі, якія ініцыявалі гэты судовы працэс, і той, хто спрычыніўся да пакараньня мяне...»

Па словах Зінаіды Цімошак, яна атрымлівае толькі пэнсію школьнага настаўніка і таму грашовыя пазовы дэпутатаў для яе непад’ёмныя:

«Трое дэпутатаў патрабуюць па 5 мільёнаў рублёў, яшчэ адзін — 7 мільёнаў. Вось і лічыце...Плюс яшчэ патрабуюць, каб я заплаціла дзяржпошліну, а гэта па 300 тысяч рублёў за кожнага... Калі судзьдзя задаволіць патрабаваньні гэтых дэпутатаў, то за імі, пэўна, пацягнуцца іншыя іх калегі...»

Актывіст грамадзкай кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка перакананы, што суд супраць спадарыні Цімошак — гэта палітычны перасьлед, спроба запалохаць і пакараць яе матэрыяльна:

Мікалай Петрушэнка
Мікалай Петрушэнка
«Адказнасьць за могілкі ў Слуцку ўскладзенае на тамтэйшую жыльлёва-камунальную гаспадарку. А калі Зінаіда Цімошак праявіла ініцыятыву, то яе вырашылі пакараць. Відавочна, што ўлада і падпарадкаваны ёй суд робяць зараз усё, каб адвучыць грамадзянаў праяўляць ініцыятыву...»

Мікалай Петрушэнка верыць, што Зінаіда Цімошак мае шанцы на справядлівасьць. Ён чакае, што падчас наступнага паседжаньня суду ў гэтай справе яе падтрымаюць многія людзі, :

«Чым больш людзей прыйдуць у суд 29 траўня, тым больш судзьдзя будзе баяцца чыніць прававую сваволю...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG