Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бердымухамедава ў Менску сустракалі воклічамі «Слава апекуну!»


27 красавіка пачаўся двухдзённы афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава.

Візыт адбываецца на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі, чакаецца падпісаньне шэрагу двухбаковых дакумэнтаў, паведамляюць афіцыйная мэдыі.

У аэрапорце прэзыдэнта Бэрдымухамэдава сустракала група туркмэнскіх студэнтаў, якія махалі сьцяжкамі і гучна скандавалі па-туркмэнску: «Слава апекуну!» Менавіта так Бэрдымухамэдава называюць у Туркмэністане. Але беларускія дзяржаўныя тэлеканалы падалі гэтыя скандаваньні безь перакладу. Падчас сустрэчы Лукашэнка і Бэрдымухамэдаў адзначалі плённае супрацоўніцтва паміж краінамі ва ўсіх сфэрах. Лукашэнка назваў Бэрдымухамэдава асабістым сябрам:

«Вы насамрэч зрабілі для нас вельмі шмат, вы далі магчымасьць удзельнічаць у многіх дзяржаўных і недзяржаўных праграмах вашай краіны, гэта дазволіла дазагрузіць нашы прамысловыя прадпрыемствы, асабліва гіганты».

Адносна загрузкі гігантаў з дапамогай Туркмэністану палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«У мінулым годзе Туркмэністан не ўваходзіў у дваццатку найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі. На 20-м месцы была Армэнія, гандлёвы абарот зь якой складаў 30 мільёнаў даляраў. Значыць, у Туркмэністану быў яшчэ меншы. Не зусім зразумела, як у такім выпадку можна загрузіць нашы гіганты».

Паводле палітоляга Кірыла Коктыша, найбольш цікавая сфэра, пра якую магчыма было б дамовіцца, — гэта туркмэнскі газ, але ён недасягальны, і размовы пра яго для Менску бессэнсоўныя:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Бо туркмэнскі газ так ці інакш ідзе праз трубы „Газпрома“, і так ці інакш Беларусь атрымлівае гэты газ з Расеі таньней, чым яна магла б яго набываць у Туркмэністане. Калі Бэрдымухамэдаў будзе нешта інвэставаць у Беларусь, магчыма, гэта будзе цікава. Але незразумела, якія праекты яго могуць цікавіць, бо Туркмэністан так ці інакш засяроджаны ў сваім рэгіёне і пакуль не дэманстраваў схільнасьці за межы гэтага рэгіёну выходзіць. Так што тут застаецца даволі шмат пытаньняў».

Бэрдымухамэдаў заявіў у Менску пра падабенства пазыцыяў абедзьвюх краін у палітычных пытаньнях.

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што візыт найперш патрэбны беларускаму боку, а кіраўнікі Туркмэністану і Беларусі — аднадумцы.

«Падабенства відавочнае — гэта аўтарытарны рэжым, адзін з найбольш жорсткіх. У іх прыкладна аднолькавыя падыходы да ўнутраных спраў у сваіх краінах. Туркмэністан, безумоўна, багаты на сыравінныя рэсурсы, але дастаўляць іх сюды даволі цяжка без удзелу Расеі. Таму ёсьць нейкія сувязі эканамічныя, але яны невялікія. Гэта, хутчэй за ўсё, дэманстрацыя таго, што Беларусь не ізаляваная ў сьвеце, што зь ёй падтрымліваюць стасункі. Вялікага сэнсу і вялікай карысьці ад гэтага я ня бачу».

У афіцыйнай туркмэнскай прэсе публікуюцца оды, прысьвечаныя Бэрдымухамэдаву. Яго называюць «Аркадаг» («Апякун»). У яго гонар у Ашгабадзе створаны музэй. Як і прэзыдэнт Ніязаў, Бэрдымухамэдаў стаў уладальнікам мноства ўзнагародаў і званьняў, адно з апошніх — Герой Туркмэністану. Пэрыяд праўленьня Бэрдымухамэдава да нядаўняга часу называўся эпохай Вялікага Адраджэньня. Апошні раз ён атрымаў на выбарах 97% галасоў, і было абвешчана, што ў краіне надышла эпоха магутнасьці і шчасьця.



Лукашэнка наведаў Ашгабад у 2002-м, 2009-м і ў красавіку 2011 году. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў першы візыт кіраўніка краіны быў у Туркмэністан, хоць раней ён найперш наведваў Расею. Бэрдымухамэдаў быў зь візытам у Менску ў 2010 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG