Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Нафтане» ня супраць сустрэчы Івашкевіча з рабочымі


Лідэр апазыцыйнага дэмакратычнага руху Віктар Івашкевіч зьвярнуўся да кіраўнікоў прафсаюзных калектываў Наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» і Мазырскага НПЗ з просьбай арганізаваць сустрэчу з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў.

Падставай для звароту сталася ініцыятыва працоўнай Мазырскага НПЗ Марыі Цыбліенкі спагнаць зь Віктара Івашкевіча матэрыяльную кампэнсацыю маральных стратаў за ягоныя заклікі аб уводзе эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. А таксама заява прафсаюзнага калектыву «Нафтану» пра сваё права зьвяртацца ў суд супраць Віктара Івашкевіча з аналягічнымі пазовамі. Зь якой мэтай апазыцыйны лідэр хоча сустрэцца з працоўнымі прадпрыемстваў і ці гатовыя арганізаваць такую сустрэчу прафсаюзныя кіраўнікі, гавораць старшыня прафсаюзнага камітэту Наваполацкага «Нафтану» Вольга Разоўская і апазыцыйны палітык Віктар Івашкевіч:

Разоўская: «Мы можам арганізаваць яму сустрэчу на нейкай вытворчасьці. Калі ён жадае, то можа сустрэцца з прафкамам — як ён пажадае. Мы заўсёды гатовыя на любую сустрэчу — чым больш народ кантактуе, тым больш ён праінфармаваны. Зараз разам з дэлегацыяй прафсаюзнага актыву мы знаходзімся ў Салігорску. Мы выедзем адгэтуль 28 красавіка, і 30-га я буду на працы. Таму патэлефануйце нам 30 красавіка ранкам».

Івашкевіч: «Я падазраю, што прафбосы не адлюстроўваюць пазыцыю шараговых людзей, шараговых працоўных. І я хачу, каб вось гэтыя спэкуляцыі, што працоўны люд падымаецца супраць апазыцыянэраў, каб іх выкрыць, я і прапанаваў сустрэцца непасрэдна і не з прафбосамі, а працаўнікамі, каб паразмаўляць зь імі на тыя тэмы, якія іх цікавяць. Калі іх цікавяць тэмы санкцыяў і пагрозы санкцыяў супраць іхніх калектываў — то патлумачыць, хто вінаваты, што такая пагроза ўзьнікла, і што рабіць, каб яна зьнікла. А таксама і пытаньні — хто рэальна ўвёў санкцыі супраць людзей, хто летась забраў у іх больш за палову заробку, ашчаджэньняў у банках і штомесяц уводзіць санкцыі ў выглядзе падвышэньня коштаў і гэткім чынам залазіць у іхнія кішэні. Трэба высьветліць, хто ў гэтым вінаваты. Я гатовы твар у твар, вочы ў вочы пра гэта зь людзьмі паразмаўляць і прасіў пра гэта прафсаюз».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG