Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахская апазыцыя стварае ў Facebook грамадзкі ўрад


Група карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Facebook прыступіла да падрыхтоўкі альтэрнатыўнага ўраду Казахстану. Аўтары ідэі кажуць, што хочуць аб’яднаць апазыцыйных палітыкаў і давесьці голас народу да ўладаў.

Актывістка грамадзкага ўраду, які ствараецца ў сацыяльнай сетцы — архітэктар Ляйля Рахымжанова — расказвае радыё Свабода, што да групы далучаюцца грамадзяне краіны, якія мараць паўплываць на недахопы казахстанскага грамадзтва.

Паводле Ляйлі Рахымжанавай, грамадзкі ўрад будзе даводзіць да дзеючага ўраду патрабаваньні народу. Для гэтага за кожным «міністэрствам» у альтэрнатыўным урадзе будзе замацаваны адказны чалавек.

Ляйля Рахымжанава
Ляйля Рахымжанава

Віртуальны ўрад

Палітык Сэрыкжан Мамбяталін сфармаваў спэцыяльную групу па стварэньні грамадзкага ўраду ў сацыяльнай сетцы Facebook, ён лічыць, што Казахстану менавіта цяпер неабходна фармаваньне ценявога, або альтэрнатыўнага, ураду — падобна тым, што існуюць на Захадзе.

Мамбяталін кажа, што цяпер народ чакае ад апазыцыі канкрэтных дзеяньняў:

— Да гэтага часу мы выказвалі крытычныя заўвагі на адрас уладаў, аднак канкрэтных прапаноў апазыцыя не рабіла. Таму прадстаўнікі грамадзкага ўраду ў першую чаргу павінны мець зносіны з народам, па-другое — даводзіць прапановы да народу, грамадзтва, улады.

Альтэрнатыўны ўрад зьбіраецца зацьвердзіць міністрамі дасьведчаных прафэсіяналаў у сваёй сфэры. Група з 200 чалавек падрыхтавала сьпіс 40 грамадзкіх міністраў. Аднак Мамбяталін кажа, што не з усімі гэтымі людзьмі прайшлі перамовы, сьпіс быў складзены па прапановах карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Faceboоk, якія выступаюць за стварэньне ценявога ўраду.

— Бліжэйшымі днямі мы плянуем правесьці ў Алматы сход з гэтай нагоды, — паведаміў Мамбяталін.

Паводле Мамбяталіна, міністры грамадзкага ўраду распрацоўваюць сваю канцэпцыю разьвіцьця Казахстану:

Сэрыкжан Мамбяталін
Сэрыкжан Мамбяталін

— Грамадзкі дзеяч, рэжысёр Балат Атабаеў пагадзіўся стаць міністрам культуры ў альтэрнатыўным ўрадзе. Праз свой блог, які будзе адкрыты на гэтым партале і для іншых міністраў, у Атабаева будзе магчымасьць кантактаваць зь людзьмі, абмяркоўваць рашэньні афіцыйнага міністра культуры, выказваць думкі аб тым, якім павінна быць будучыня краіны.

40 віртуальных міністраў

Сэрыкжан Мамбяталін верыць, што актывісты грамадзянскай супольнасьці ў інтарэсах народа гатовыя працаваць бясплатна:

— Мы грамадзкімі праблемамі займаемся не дзеля таго, каб зарабіць на жыцьцё: грамадзянам, якія спачуваюць свайму народу, дастаткова будзе прысьвячаць гэтай справе дзьве гадзіны на дзень.

У сьпісе грамадзянскага ўраду, які пакуль не зацьверджаны, больш за 40 «міністраў», многія зь якіх вядомыя людзі. Хто стане кіраўніком віртуальнага ўраду, пакуль невядома. Сам ініцыятар ідэі, палітык Сэрыкжан Мамбяталін згодны на пасаду альтэрнатыўнага міністра аховы навакольнага асяродзьдзя.

Група ініцыятараў такім чынам заклікае апазыцыйных палітыкаў Казахстану забыцца на міжпартыйныя звады і аб’яднацца, стварыўшы альтэрнатыўны ўрад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG