Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэк Мігальскі будзе дапамагаць Сяргею Каваленку


Польскі палітык, сябра дэлегацыі Эўрапарлямэнту па стасунках зь Беларусьсю Марэк Мігальскі заявіў пра сваё рашэньне ўзяць апеку над палітвязьнем Сяргеем Каваленкам у рамках праекту швайцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі «Libereco — Partnership for Human Rights».

Дагэтуль эўрадэпутат Мігальскі аказваў падтрымку вызваленаму нядаўна з Магілёўскай калёніі палітвязьню Зьмітру Бандарэнку ды яго сям’і.

«Падчас яго знаходжаньня ў вязьніцы, я змагаўся за яго пастаянна: я зьвяртаўся з заклікамі адносна яго вызваленьня як да кіраўніцтва калёніі, так і да эўрапейскіх лідэраў, а таксама да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Я цалкам падтрымліваю праграму „Libereco — Partnership for Human Rights“, а таму вырашыў цяпер узяць апеку над Сяргеям Каваленкам», — адзначыў Марэк Мігальскі.

Паводле польскага палітыка, ён захапляецца «ўпартасьцю Каваленкі ў барацьбе за вольную Беларусь, бо пры беларускім рэжыме нават такія простыя праявы прыхільнасьці дэмакратычным каштоўнасьцям як узьняцьце нацыянальнага сьцягу, прыводзяць да суровага пакараньня.»

Марэк Мігальскі заявіў, што ўжо распачаў некаторыя крокі дзеля вызваленьня палітвязьня — зрабіў некалькі зваротаў у Вярхоўны суд Беларусі, Генэральную пракуратуру, да старшыні Эўрапарлямэнту Марціна Шульца. Як спонсар Сяргея Каваленкі, Мігальскі хоча выклікаць міжнародную ўвагу да канкрэтнай сытуацыі і ўсяляк дапамагчы беларускаму палітзьняволенаму ды яго сям’і. Эўрапейскі дэпутат заклікае да зьняцьця з Каваленкі ўсіх абвінавачваньняў з боку беларускіх уладаў, а таксама яго неадкладнага вызваленьня.

Спонсарская праграма для палітзьняволеных у Беларусі ў рамках «Libereco — Partnership for Human Rights» была створаная летась. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку заходніх парлямэнтарыяў. Спонсары адсочваюць праблемы сваіх «падшэфных», распаўсюджваць інфармацыю пра іх на розных узроўнях з мэтай іх вызваленьня.

Раней вядомыя эўрапейскія і адзін амэрыканскі палітык узялі ў рамках «Libereco — Partnership for Human Rights» шэфства над палітвязьнямі: Міколам Статкевічам, Андрэем Саньнікавым, Алесем Бяляцкім. Паўлам Севярынцам, Мікалаем Аўтуховічам, Эдуардам Лобавым, Зьмітром Дашкевічам, Аляксандрам Атрошчанкавым, Дзьмітрыем Вусам, Мікітам Ліхавідам, Алесем Кіркевічам ды іншымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG