Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць пра ахвяраў тэрору


24 красавіка ў Беларусі — Радаўніца. У гэтыя дні на могілках традыцыйна шмат людзей: усе імкнуцца навесьці парадак на магілах блізкіх.

А хто дбае пра шматлікія пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму? Ці прыбірае іх хто перад Радаўніцай?

МАГІЛЁЎШЧЫНА

«Праблема сталінскіх рэпрэсіяў ня дужа жаданая й для цяперашняй улады»

У Магілёве сябры Таварыства беларускай мовы днямі правялі талаку ля памятнага знаку літаратару й першаму кіраўніку савецкага ўраду Беларусі Зьмітру Жылуновічу (псэўданім — Цішка Гартны), які загінуў пры загадкавых абставінах у магілёўскай псыхіятрычнай лякарні ў 1937 годзе.

Прыкладнае месца пахаваньня Цішкі Гартнага ў Пячэрскім лесапарку вызначыў паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў кіраўнік аддзяленьня «Мартыралёгу Беларусі» Валянцін Ермаловіч. У 1989 годзе на гэтым месцы актывісты адраджэнскіх арганізацыяў паставілі памятны знак. Хто ж дбае пра яго?

«Цішка Гартны — ахвяра таталітарнай улады, якую сам ствараў»

Алег Дзьячкоў
Алег Дзьячкоў
«Цалкам намаганьнямі грамадзкасьці й даглядаецца гэтае месца. А там яшчэ й брацкая магіла, таму гэта ўшанаваньне ня толькі Цішкі Гартнага, наагул шматлікіх людзей. Улада не зьвяртае на памятны знак увагі, бо Гартны стаў ахвярай таталітарнай улады, якую ён, дарэчы, і сам ствараў. Калі цяпер падымаць гэтае пытаньне на афіцыйным узроўні, то гэта зьвяртацца да праблемы сталінскіх рэпрэсіяў, але гэта ня дужа прыемная тэма для сёньняшняй улады на Беларусі», — зазначае старшыня суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў:

«Тут шмат каго пахавалі...»

Жыхарка пасёлку Дачны спадарыня Кацярына пацьвердзіла, што час ад часу тутэйшыя людзі прыбіраюць ад сьмецьця навакольле магілы Гартнага. Згадала бабуля й пераказ свайго бацькі пра масавыя расстрэлы ў Пячэрскім лесапарку:

«Тут жа лес вялікі быў, тут во яго недзе й закапалі. І каб яго аднаго. Тут шмат каго пахавалі. Мой бацька гаварыў — выведуць, расстраляюць утраіх. Я, казаў, неяк убачыў тое — ды ўцякаць. Забіць, казаў, маглі».

Раскопкі на ўскрайку лесапарку, дзе хавалі забітых, не праводзілася, кажуць мясцовыя жыхары. Непадалёк ад магілы Цішкі Гартнага — два пахаваньні камуністаў. Іх расстралялі фашысты. Магілы ў вянках. Памятны знак Цішку Гартнаму значна сьціплейшы — з букетам штучных кветак.

«Ва ўлады — ні памяці, ні грошай...»

На другім канцы гораду на праспэкце Дзімітрава ля мясакамбінату яшчэ адно месца масавых расстрэлаў. Па-над пяшчаным кар’ерам — драўляны крыж. Тут бальшавікі расстрэльвалі ў 1918 годзе каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў. Колькасьць забітых невядомая. Напрыканцы 1980-х гадоў у кар’еры працавала адмысловая камісія. Вынікі яе працы засакрэчаныя. Хто ж даглядае тэрыторыю вакол крыжа?

«У асноўным родзічы тых, хто загінуў у гэтым месцы, прыходзяць пэрыядычна й прыбіраюць. Ну, а апазыцыйныя арганізацыі ўзгадваюць пра гэтае месца толькі на Дзяды восеньскія. Многія сучаснай сытуацыяй занятыя. Ужо мінулае адыходзіць на другі плян, хоць усё падобна», — зазначае кіраўніца магілёўскага аддзяленьня Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Ларыса Шукайла.

Некалькі год таму ў навальніцу падгнілы крыж заваліўся. Аднавілі яго камунальнікі. Нават паклалі пліту ля крыжа, які пасьля аднаўленьня стаў нагадваць знак «плюс». Паводле Ларысы Шукайлы, гарвыканкам гатовы даць дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнага знаку. Грошай на яго, аднак, няма. Арганізацыя, якой кіруе спадарыня Шукайла, ня можа адкрыць банкаўскі рахунак для ахвяраваньняў, бо асацыяцыя не зарэгістраваная.

Памятны знак Цішку Гартнаму


Крыж ахвярам палітычных рэпрэсіяў на праспэкце Дзімітрава ля мясакамбінату ў Магілёве
Крыж ахвярам палітычных рэпрэсіяў на праспэкце Дзімітрава ля мясакамбінату ў Магілёве


ВІЦЕБШЧЫНА

Могілкі ля Воршы — другія Курапаты

Адно зь вядомых месцаў пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — на ўзьлеску каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Самаробны мэмарыял — некалькі крыжоў, пастаўленых у розныя гады віцебскімі дэмакратычнымі актывістамі — добра відаць з аўтатрасы Р21, што вядзе зь Віцебску на Смаленск.

Два гады таму кіраўніцтва тамтэйшага Варонаўскага сельсавету загадала зьнесьці крыжы, а старшыню абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава аштрафавалі за «самаўпраўства». Аднак мэмарыяльныя крыжы ніхто зьнішчаць ня стаў, — кажа мясцовы актывіст спадар Смолікаў:

Кастусь Смолікаў
Кастусь Смолікаў
«Крыжы стаяць. Але трэба прыбраць траву, можа, пачысьціць трохі — што там зь зімы засталося. Радаўніца — гэта сямейнае сьвята, нашы актывісты наведваюць магілы сваякоў і блізкіх. А пахаваньне пад вёскай Паляі мы прыбіраем звычайна ў канцы вясны — 29 траўня. Гэтай традыцыі, можа, гадоў ужо пяць».

У траўні чакаецца і вялікае добраўпарадкаваньне ва ўрочышчы Кабыляцкая гара. Гэта месца масавых пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў пад Воршай — дарэчы, другое афіцыйна прызнанае на дзяржаўным узроўні пасьля менскіх Курапатаў.

Дваццаць гадоў таму, калі адкрылася праўда пра расстрэлы мясцовых жыхароў, улады ўсталявалі тут помнік-камень з мэмарыяльнай шыльдай. Але ўжо шмат гадоў, як ніхто ў выканкаме гэтым мэмарыялам не апякуецца, шыльду скралі, а даглядаць помнік зрабілася клопатам мясцовых актывістаў.

Улада забыла пра свой валун

23 красавіка, якраз напярэдадні Радаўніцы, аршанскія актывісты езьдзілі на месца пахаваньня, каб скласьці плян будучага добраўпарадкаваньня. Апавядае кіраўнік аршанскай суполкі Партыі БНФ, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў:

Алесь Шутаў
Алесь Шутаў
«Там стаіць той самы камень, вялікі валун, што калісьці гарадзкія ўлады яшчэ ставілі. А побач ужо саматужна жыхары Воршы паставілі там два драўляныя крыжы. Мы маем такі плян дзеяньняў: сабраць подпісы і дакумэнты, каб гэты помнік узялі пад ахову як месца пахаваньня ахвяр палітычных рэпрэсіяў. Пахаваньні былі знойдзеныя тут у сярэдзіне 1980-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі. І зрабіць там добраўпарадкаваньне ў траўні — можа, высадзіць дэкаратыўныя расьліны, пакласьці плітку...»

Набажэнствы й паніхіды на месцах сталінскіх расстрэлаў

Прадстаўнік полацкай грэка-каталіцкай парафіі Мікола Шарах апавёў пра тамтэйшую традыцыю: прыбіраць перад Радаўніцай асабліва памятныя месцы — у тым ліку і месца пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Бельчыцах:

Мікола Шарах
Мікола Шарах
«У Полацку ў нас есьць памятныя месцы. Гэта і Струньне, былая рэзыдэнцыя мітрапалітаў, і Бельчыцы, дзе былі расстраляныя ахвяры сталінізму, і былы Бельчыцкі манастыр. Туды выяжджае дэлегацыя парафіянаў на чале са сьвятаром, і там бываюць багаслужбы, паніхіды».

Спадар Шарах кажа, што вернікі і актывісты традыцыйна наведваюць гэтыя мясьціны двойчы на год — на Радаўніцу і на Дзяды.
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

«Каб беларусы ведалі гэтыя месцы»

У Берасьці да Радаўніцы прыбіраюць магілу дзеяча БНР Адама Трыпуса. Пагостам апякуецца сям’я праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна. А ў Баранавічах талакой прыбіраюць месцы пахаваньня знаных нацыянальных дзеячаў. Падрабязнасьці — у Паўла Канстанцінава.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін спрычыніўся да ўсталяваньня помнікаў на магілах дзеяча БНР Адама Трыпуса ў Берасьці, кіраўніка партыі БНФ Кастуся Мысьліўца ў Драгічыне. Таму ён лічыць сваім абавязкам апекавацца гэтымі пахаваньнямі:

Уладзімер Вялічкін
Уладзімер Вялічкін
«Гэта месцы, якія маюць і сымболіку беларускую і маюць значэньне, вядома, для беларусаў у гістарычным пляне. Трэба наведваць і прапагандаваць такія рэчы. Ёсьць таксама помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Берасьці. Падобныя месцы трэба рэклямаваць, у тым пляне, каб кожны беларус ведаў такія месцы, дзе можна ўшанаваць сваю нацыянальную годнасьць».

Разам з Уладзімерам і Маргарытай Вялічкінымі прыбіраць пахаваньне Трыпуса езьдзіць і іх сын-першаклясьнік Францішак. Хлопчык ужо ведае, што там пахаваны «харошы чалавек», і распавядае, як дапамагае бацькам на могілках:

«Мы там саджалі кветкі і прыбіралі гэтую магілку. На магілках там ёсьць „Пагоні“ яшчэ. Я там мыў магілку і сьмецьце выносіў адтуль».

У Баранавічах талакой наведваюць пахаваньні патрыётаў

А ў Баранавічах актывісты на Радаўніцу талакой наведваюць пахаваньні мясцовых дзеячаў. Распавядае кіраўнік баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца:

Віктар Сырыца
Віктар Сырыца
«Учора і сёньня наведалі магілкі Пятра Рашэтніка, Янкі і Тафіліі Дудкаў, Аркадзя Блінкоўскага, Усевалада Караля, Сяргея Андрушчанкі. Ускладаем кветкі на могілках, гамонім, успамінаем справы іх добрыя. Гэта баранавіцкія нацыянальныя дзеячы, дзеячы, якія маюць дачыненьне да Беларускай Народнай Рэспублікі, да барацьбы за незалежнасьць, да стварэньня цяперашняй беларускай незалежнай дзяржавы».

Спадар Сырыца пагаджаецца, што наведваньне і парадкаваньне магілаў нацыянальных дзеячаў мае яшчэ і выхаваўчыя мэты, бо разам з вэтэранамі дэмакратычнага руху дапамагаць прыходзіць і моладзь.
Камэнтар «Свабоды»

Вячаслаў Сіўчык: «Трэба прыгадваць і ахвяраў цяперашняга рэжыму»

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
Старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які цяпер у вымушанай эміграцыі ва Ўкраіне, падкрэсьлівае, што 18 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі абярнуліся зьнікненьнем у 1999-м годзе Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, пасьля — журналіста Зьмітра Завадзкага:

«У той жа пэрыяд беларуская нацыя страціла Генадзя Карпенку. Тады ж загінуў у аўтакатастрофе Арнольд Пячэрскі. Вядома, што летась у Гомелі адбываліся акцыі ў памяць пра Андрэя Зайцава, якога спэцслужбы давялі да самагубства. Таксама на памяці ў людзей справы загінулых журналістаў Веранікі Чаркасавай і Алега Бябеніна. Мы памятаем і пра аўтакатастрофу, у якой загінуў Анатоль Майсеня. Прыгадайце і трагічную сьмерць Яны Паляковай. Усё гэта навідавоку. Такія жахлівыя гісторыі беларускай сучаснасьці. Таму натуральна, што ў такі дзень, акрамя ахвяраў сталінскага таталітарызму, трэба прыгадваць і ахвяраў цяперашняга рэжыму...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG