Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалізм у Курапатах напярэдадні Радаўніцы


Ва ўрочышчы Курапаты чарговы акт вандалізму напярэдадні Радаўніцы. Невядомыя вандалы зламалі крыжы.

Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты.

Што да мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз «лаву Клінтана» ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі яго.

У 2008 годзе актывісты КХП БНФ затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах. Актывісты выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў. Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў». Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі. 12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў. Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўналетніх навучэнцаў школы і ПТВ.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG