Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: суд часткова задаволіў патрабаваньні прафсаюзнага актывіста


Жылкамгас Бабруйскага раёну мае выплаціць свайму былому працаўніку, актывісту незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Канстанціну Локцеву 2 мільёны 300 тысяч рублёў кампэнсацыі за перапрацоўку.

Так пастанавіў 20 красавіка суд Бабруйскага раёну. Судзьдзя Тацяна Карапіцян, аднак, не задаволіла патрабаваньне актывіста ў частцы зьмены наймальнікам фармулёўкі звальненьня.

Локцева звольнілі, запісаўшы прычынай прагул. Ён жа настойваў, што прагулаў у яго не было і патрабаваў аднаўленьня на працы альбо звальненьня па згодзе бакоў. Рабіў актывіст тэхнікам у кацельнай аздараўляльнага летніка «Мара». Акрамя таго, падпрацоўваў там жа электрыкам. За выкананьне гэтай працы наймальнік і павінен выплаціць актывісту грошы.

Локцеў: «Супраць мяне сьведчылі мае былыя калегі. Я судзьдзі сказаў, што вярнуцца ў калектыў, да людзей, зь якімі я працаваў, і якія давалі паказаньні супраць мяне, я не магу. У мяне там ня будзе працоўных і сяброўскіх адносінаў. Судзьдзя не знайшла падставаў, каб задаволіць патрабаваньне аб зьмене фармулёўкі звальненьня. Я, як і раней, настойваю на тым, што звольнілі мяне праз грамадзкую дзейнасьць. Я агітаваў калегаў, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы».

Паводле Канстанціна Локцева, адказчык адмовіўся заключаць міравое пагадненьне, хоць судзьдзя й настойвала на гэтым.

Канстанцін Локцеў быў старшынём аргкамітэту па правядзеньні ў Бабруйску летась у кастрычніку «Народнага сходу». За яго актывіст адседзеў трое сутак адміністрацыйнага арышту. Пасьля адсідкі, заяўляе Локцеў, і пачаліся праблемы на працы.

Былое начальства Локцева адмаўляе, што звольніла работніка з палітычных матываў. Заяўляе, што ён быў недысцыплінаваным працаўніком.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG