Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі і Каткавец атрымліваюць заробкі расейскіх міністраў

абноўлена

Надзея Каткавец
Надзея Каткавец
Заробная плата чальцоў калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, якая ад 1 студзеня 2012 году пачала сваю працу, супастаўная з узроўнем заробкаў расейскіх міністраў, — паведамляе «Інтэрфакс».

У сваю чаргу, супрацоўнікі камісіі на адпаведных пасадах адпавядаюць апарату ўраду Расейскай Фэдэрацыі. Пра гэта кіраўнік калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрыстэнка сказаў падчас сустрэчы з кіраўніком расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным, заўважыўшы, што гэта дастаткова адчувальны фінансавы складнік.

Уладзімер Пуцін з такім падыходам пагадзіўся, сказаўшы, што інакш у камісію будзе не набраць спэцыялістаў патрэбнага ўзроўню і неабходнай кваліфікацыі: «На рынку працы гэта няпростая задача», — падкрэсьліў Пуцін.

Усяго ў складзе Эўразійскай эканамічнай камісіі працаўладкавана больш за 800 «наддзяржаўных чыноўнікаў» з Расеі, Беларусі і Казахстана, якія маюць права прымаць самастойныя рашэньні, не запытваючы дырэктывы ад дзяржаў, якія іх дэлегавалі.

Сярод сотняў чыноўнікаў, уладакаваных у новую структуру, ёсьць і беларускія прадстаўнікі. Самыя вядомыя зь іх —
• экс-прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, які атрымаў пасаду сябра калегіі па прамысловасьці,
• былая першая намесьніца міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец — яна ўзначаліла Дэпартамэнт аграпрамысловага комплексу,
• былы намесьнік кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Гошын (сябра калегіі па мытным супрацоўніцтве),
• былы старшыня Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Валерый Карашкоў (сябра калегіі ў пытаньнях тэхнічнага рэгуляваньня).

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, заробак дзяржаўных служачых у апараце расейскага ўраду складае ў эквіваленце 3,5 тысяч даляраў. Гэта без уліку прэміяльных і розных даплат, якія могуць складаць яшчэ столькі ж. У галіновых міністэрствах заробкі крыху меншыя — ад 2,5 тысячы да 3 тысяч даляраў, што ўсё роўна непараўнальна з тым, што маюць беларускімі чыноўнікамі.

Гэтак, днямі міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў сказаў, што ягоны заробак «ня моцна адрозьніваецца» ад прыбыткаў бальшыні беларусаў і складае 750 даляраў.


Чыгір пра эўразійскіх чыноўнікаў: хай пажывуць далей ад прэзыдэнта


Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
Колішні прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць, што беларускім чыноўнікам, якія атрымалі новыя пасады ў Маскве, проста падфарціла:

«Лічу, што месцы сабе яны адхапілі сапраўды добрыя. Што тычыцца таго, наколькі эфэктыўная іх там дзейнасьць, то гэта толькі час пакажа. Будзем, прынамсі, спадзявацца, што грошы не праядаюць. Але ў асабістым пляне ім, канечне, пашанцавала. З аднаго боку праца, як кажуць, ня пыльная, зь іншага боку — адказнасьці такой няма, як на непасрэдным участку працы. Прыкладам, працуючы тут, ва ўрадзе, калі ставяцца канкрэтныя задачы, спускаюцца канкрэтныя паказчыкі і г. д. А там справа пакуль што новая, а новая — значыць, складаная, з дазволам на памылкі. Дый ніякіх канкрэтных задач, шчыра кажучы, пакуль і няма. Ну, і ад прэзыдэнта падалей, жыцьцё спакайнейшае нашмат».

Карэспандэнт: «Расейскія СМІ цытуюць Пуціна, які ўхваліў высокія заробкі, сказаўшы, што інакш у камісію набраць спэцыялістаў патрэбнага ўзроўню цяжка».

«Тут трэба мець на ўвазе, што Масква і Менск — гэта два прынцыпова розныя гарады. Вядома, што ў Маскве чыноўнікаў зь менскім заробкам ня знойдзеш увогуле. Гэта ж ня Менск, дзе ўсе зарабляюць аднолькава мала. Таму вядома, што Пуцін меў рацыю, асабліва, калі меў на ўвазе расейскіх функцыянэраў. Таму беларускім бюракратам пашчасьціла ўдвайне. Хай працуюць, хай хоць крыху пажывуць у дастатку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG