Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю Канавалава ахоўваюць, «лябараторыю» — не


Суседзі абвінавачаных у тэрарызьме і расстраляных Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва ня лічаць, што ахову да бацькоў Канавалава прыставілі дзеля іх абароны — хутчэй для таго, каб абмежаваць іхныя кантакты. Маці Ўладзіслава Кавалёва ад такое аховы адмовілася.

Любоў Кавалёва апавяла, што да яе з прапановай прыставіць ахову зьвярнуліся ў першыя дні пасьля тэракту, і гэта былі людзі зь Менску — зь Міністэрства ўнутраных спраў:

«Менскія, менскія! Яны тады прыехалі, культурна размаўлялі, спакойна, ветлівыя былі — са мной, ва ўсялякім выпадку. Але мне хапіла розуму сказаць, што мне гэта не патрэбна — сказала, каб мне не абмяжоўвалі свабоду перасоўваньня».

Маці абвінавачанага ў тэрарызьме кажа, што толькі падчас суду пагадзілася на суправаджэньне людзей у цывільным — бо непакоілася, што ў судовай залі будзе шмат народу, і ёй ня хопіць месца. Але неўзабаве зразумела, што ахова ёй не патрэбная — у тым ліку й таму, што баялася правакацый:

«Стук заўжды пытаўся ў пацярпелых, якія ў іх матэрыяльныя прэтэнзіі. І чалавек, які быў ахоўнікам, кажа: „Ведаеце, чаму матэрыяльных прэтэнзій да іх не прад’яўляюць? Таму што іх усё адно расстраляюць!“ Я старалася на такія рэплікі не рэагаваць, разумела, што яны, магчыма, хочуць мяне вывесьці з раўнавагі. А потым, пад канец суду, ахоўнікі зьніклі самі».

Сям’ю Дзьмітрыя Канавалава як пачалі ахоўваць год таму, адразу пасьля тэракту, так ахоўваюць і дагэтуль. Маці на машыне возяць з працы і на працу, бацьку суправаджаюць у краму, і нават сабачку Канавалавы выгульваюць пад канвоем. Адносіны паміж імі выключна прыязныя, адзначае віцебскі актывіст Барыс Хамайда, які жыве ў доме побач:
Калі польскія журналісты хацелі ўзяць у маці Канавалава інтэрвію, яна хавалася ў машыну да ахоўнікаў.

«Адносіны быццам нават сяброўскія: яна можа ручкай памахаць ахоўнікам, усе адно аднаму ўсьміхаюцца. Я памятаю такі момант: калі польскія журналісты хацелі ўзяць у маці Канавалава інтэрвію, яна хавалася ў машыну да ахоўнікаў — пабегла і туды схавалася!»

У зімовыя халады ахоўнікі грэліся ў пад’езьдзе. Але суседзям яны дужа не назаляюць — проста чакаюць у машыне, прыпаркаванай каля пад’езду ці з тарца дома. Пра тое, ці праўда Канавалавых трэба ад кагосьці бараніць, разважае яшчэ адна суседка зь іхнага дома:

«Я ня думаю, што жыхары Віцебску такія крыважэрныя і пачнуць помсьціць. Ды ў Віцебску ўвогуле мала хто верыць, што менавіта гэтыя хлопцы зрабілі такое злачынства! Напэўна, ёсьць іншая прычына. А вось якая? Напэўна, баяцца, што людзі ад іх даведаюцца нейкую праўду! Ён жа як сябе паводзіў на судзе? Здаецца, гэта быў чалавек неадэкватны. Дык, можа, ягоныя бацькі ведаюць больш?»

Ахоўваюць асабіста бацькоў. Калі іх няма, машына каля дома не дзяжурыць, а ў кватэры ўключаюць сыгналізацыю. А вось катушок у сутарэньні, які ў дакумэнтах сьледзтва пагрозьліва называецца «лябараторыяй тэрарыста Канавалава», стаіць адчынены.

На дзьвярох у сутарэньні надпіс: «Лука — позор нации». Памяшканьне сырое і смуроднае, пад нагамі лужыны, на столі павуціньне. Паржавелыя трубы, заблытаныя драты, хоць электрычнасьці ў скляпеньні няма — толькі ў агульным калідоры, так што кожны гаспадар ходзіць у свой катушок з кішэнным ліхтарыкам.

Катушок Канавалава цесны, можа паўтара на паўтара мэтры. Замок на дзьвярах боўтаецца на сарванай клямцы. З правага боку паліцы, пад нагамі друз, уверсе — рэшткі самаробнай электрычнай праводкі. Ніякіх прыкметаў хімічнай вытворчасьці не відаць, хоць, відавочна, ніхто тут дужа не прыбіраў. Няма ні выцяжкі, ні вэнтыляцыі — пах любога хімічнага рэчыва тут жа быў бы заўважаны суседзямі. Аднак тыя нічога такога не заўважалі, апавядае суседка:

«У нас сутарэньнямі карыстаюцца, амаль усе карыстаюцца. Вось тут ён быў, гэта катушок 52-й кватэры, там жанчына жыла, ёй ён патрэбны ня быў. Што песьні там сьпявалі, што рабілі — усё было чуваць. Я іду, гляджу — адчынена: «Ау, нехта тут ёсьць?» Ён адказвае: «Я ёсьць». Я кажу: «Потым дзьверы зачыніш, Дзіма?» Ён кажа: «Добра».

Суседзі мяркуюць, што былую «лябараторыю» не «засакрэцілі» таму, што ў катушку Канавалава нічога асаблівага й не было. У гэтым сутарэньні няма таямніц, іншая справа — людзі. Таму бацькоў расстралянага Дзьмітрыя Канавалава дагэтуль і ахоўваюць людзі ў цывільным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG