Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская газэта»: Амбасадары ЭЗ таемна вернуцца ў Менск цягам 10 дзён


Кіраўніца Прадстаўніцтва Эўракамісіі Майра Мора і амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. У лютым афіцыйны Менск папрасіў іх зьехаць на кансультацыі.
Кіраўніца Прадстаўніцтва Эўракамісіі Майра Мора і амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. У лютым афіцыйны Менск папрасіў іх зьехаць на кансультацыі.

«Ніякага афіцыйнага абвяшчэньня тэрмінаў да ад’езду не плануецца. Кіраўнікі місіяў прыедуць у Менск у атмасфэры строгай сакрэтнасьці, калі казаць пра прэсу, і ўжо потым на месцы пацьвердзяць, што вяртаньне адбылося», — цытуе выданьне чальца дэлегацыі адной зь еўрапейскіх краінаў, які напярэдадні ўдзельнічаў у сустрэчы дыпляматычных прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі.

Менавіта на гэтай сустрэчы, адзначае «Расейская газэта», была вызначаная дата вяртаньня дыпляматаў у іх рэзыдэнцыі ў Менску.

Крыніца таксама ўдакладніла, што вяртаньне адбудзецца цягам бліжэйшых дзесяці дзён.

Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар прадстаўнік эўракамісару па міжнароднай палітыцы Кэтрын Эштан, заявіла, што амбасадары вернуцца «каардынавана, салідарна, то бок так, як яны пакінулі Беларусь».

Кацыянчыч не змагла назваць пэўную дату і час вяртаньня альбо пацьвердзіць нейкія тэрміны, калі гэта можа адбыцца.

Яна таксама адмовілася адказаць на пытаньне выданьня, калі будзе абвешчана аб вяртаньні паслоў: да або пасьля іх ад’езду ў Менск.

Расейскаму выданьню стала вядома, што афіцыйны Менск разглядае магчымасьць вяртаньня сваіх дыппрадстаўнікоў ў Варшаву і Брусэль, піша Інтэрфакс.

30 сакавіка ЕUobserver паведаміў, што паслы ЭЗ усё разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасьля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандар Лукашэнка за гэты час ня зробіць якіх-небудзь рэзкіх крокаў».

У мінулыя выходныя з турмаў былі вызваленыя экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і сябра ягонай каманды Зьміцер Бандарэнка.

Паводле праваабаронцаў, у зьняволеньні застаюцца яшчэ 13 палітвязьняў.


28 лютага амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры афіцыйны Менск прапанаваў выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці ўсе амбасадары краінаў Эўразьвязу былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае краіны. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў. Беларускія ўлады, са свайго боку, адклікалі для кансультацыяў свайго сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і пасла ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG