Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За волю» прапануе пашырыць крытэры прызнаньня асуджаных палітвязьнямі


Маці Паўла Севярынца Тацяна Севярынец падпісвае зварот актывістаў да эўрапейскіх структураў
Маці Паўла Севярынца Тацяна Севярынец падпісвае зварот актывістаў да эўрапейскіх структураў

Грамадзкая ініцыятыва «За волю» прапанавала істотна пашырыць крытэры, паводле якіх праваабаронцы прызнаюць вязьняў беларускіх турмаў палітзьняволенымі.

Колькасьць палітзьняволеных у Беларусі розьніцца ў залежнасьці ад меркаваньня праваабаронцаў: называюць 10, 12, а то і 16 чалавек. Адны праваабаронцы лічаць, што пад гэтае азначэньне трапляюць толькі асуджаныя за падзеі 19 сьнежня і тыя, каго ўлады перасьледавалі за барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі, як у выпадку зь Мікалаем Аўтуховічам. Другія выступаюць за больш шырокія крытэры. У тым ліку — за тое, каб лічыць палітвязьнямі актывістаў анархісцкага руху, якія, паводле суду, ужывалі гвалт у змаганьні за свае палітычныя погляды.

19 красавіка грамадзкая ініцыятыва за вызваленьне палітвязьняў «За волю» абмеркавала крытэры прызнаньня палітвязьняў і прыняла свае рэкамэндацыі. Актывістка Ганна Шапуцька зачытала сьпіс гэтых крытэраў з 8 пунктаў:

«Першы — пазбаўленьне волі, ужытае зь яўна палітычных прычын бяз сувязі зь нейкім правапарушэньнем. Альбо калі ёсьць падставы меркаваць, што матэрыял аб зьдзяйсьненьні злачынства цалкам сфальшаваны. Другі крытэр — асоба пазбаўленая волі ці істотна абмежаваная ў волі, супроць асобы беспадстаўна ўжытыя захады мэдычнага ўзьдзеяньня, у тым ліку з ужываньнем сумнеўнага псыхіятрычнага дыягназу».

Прыклады такой практыкі што да апанэнтаў рэжыму актывісты «За волю» ўбачылі ў справах Аляксандра Крутога і Сяргея Каваленкі. Таксама сярод крытэраў — судовы разбор, які адбыўся зь яўнымі парушэньнямі правоў грамадзяніна і гарантыяў, дадзеных Канстытуцыяй. Паводле вязьня гарадзенскай турмы Мікалая Аўтуховіча, чый ліст быў зачытаны на абмеркаваньні, сёньня ў беларускіх турмах — сотні людзей, справы якіх суды разглядалі зь яўнымі парушэньнямі. Таксама грамадзкія актывісты прапануюць лічыць палітвязьнямі тых, каго пазбавілі свабоды з парушэньнем аднаго з правоў, гарантаваных Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека: гэта свабода слова, сумленьня, рэлігіі, свабода распаўсюду інфармацыі, свабода сходаў і асацыяцый. Паводле спадарыні Шапуцькі, гэтыя прапановы зробленыя на падставе крытэраў незалежных экспэртаў Рады Эўропы.

Актывісты «За волю» падтрымалі прапанаваныя крытэры і падпісалі зварот да Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту і кіраўнікоў краін Эўразьвязу і ЗША. У звароце пералічаныя зьняволеныя, якіх «За волю» прапануе лічыць палітвязьнямі ўжо сёньня. Гэта Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Павал Севярынец, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандар Францкевіч, Павал Сырамалотаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, Юрый Чыгілейчык, Аляксандар Малчанаў, Аляксандар Крутой.

Сваякам вязьняў актывісты «За волю» ўручылі Бібліі, якія былі набытыя за дабрачынныя складкі, у тым ліку на грошы, якія зарабіў на «хіміі» Павал Севярынец.
Маці Эдуарда Лобава Марына Лобава з Бібліяй, якую ініцыятыва «За волю» падаравала сваякам палітзьняволеных.
Маці Эдуарда Лобава Марына Лобава з Бібліяй, якую ініцыятыва «За волю» падаравала сваякам палітзьняволеных.

Сьпіс з 16 чалавек могуць хутка папоўніць былыя палітвязьні. На сходзе стала вядома пра завядзеньне крымінальнай справы супроць Васіля Парфянкова, які адбываў 4 гады зьняволеньня за Плошчу і быў летась памілаваны. Цяпер Васілю Парфянкову пагражаюць паўгода арышту, паўтара года зьняволеньня ці ўмоўны тэрмін паводле абвінавачаньня ў парушэньні ўмоваў прафіляктычнага нагляду, які быў накладзены на актывіста на пачатку году за ўдзел у акцыях салідарнасьці:

«Сьледчы сказаў, што заведзеная крымінальная справа аб парушэньні мною ўмоваў прафіляктычнага нагляду. Не даводзіцца спадзявацца, што абмяжуюцца ўмоўным пакараньнем, ведаючы маю былую судзімасьць за 19 сьнежня», — пракамэнтаваў гэтыя зьвесткі Васіль Парфянкоў «Свабодзе».

Васіль Парфянкоў прызнаў, што ў яго былі тры парушэньні ўмоваў нагляду. «Адзін акт быў складзены, калі выйшаў у краму, а тут прыйшлі з праверкай. Другі раз на 15 хвілін спазьніўся адзначыцца», — паведаміў Васіль Парфянкоў.

Прафіляктычны нагляд раней быў усталяваны таксама над былымі палітвязьнямі Ўладзем Яроменкам і Паўлам Вінаградавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG