Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: Мы застанемся незалежнымі ад улады


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду неадкладна разьвязаць пытаньне праблемных прадпрыемстваў, работнікаў якіх апазыцыя заклікае выходзіць на вуліцу.

Ён заявіў, што «на некаторых прадпрыемствах ужо пачынае падпрацоўваць „пятая калёна“; падбіваць, заклікаць людзей на вуліцу. Мы не павінны даваць такой нагоды і пераўтвараць прадпрыемствы ў аб’ект палітычнай барацьбы, як гэта творыцца ў нашых суседзяў». Зьвяртаючыся да кіраўніка ўраду Міхаіла Мясьніковіча, Лукашэнка зазначыў, што сытуацыю трэба браць пад кантроль.

Камэнтуючы гэтыя заявы кіраўніка краіны, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў адзначыў:

Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў
«Заявы Лукашэнкі могуць узьнікаць у залежнасьці ад яго настрою і стану. Таму, хутчэй за ўсё, інфармацыя, якая яму паступае са спэцслужбаў, кажа пра тое, што на прадпрыемствах расьце незадаволенасьць. Асабліва там, дзе нізкі заробак. Таму робіць больш жорсткімі меры па ўтрыманьні людзей ад пратэсту. А што ён мае на ўвазе пад „пятай калёнай“? Незалежныя прафсаюзы альбо наогул нязгодных зь яго палітыкай? Нязгодных зь яго палітыкай шмат, яны і так прысутнічаюць на прадпрыемствах, іх больш за палову.Таму невядома, каму ён пагражае».

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
Старшыня незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук перакананы, што Лукашэнка пад «пятай калёнай» мае на ўвазе незалежныя ад улады прафсаюзы і апошнія падзеі на «Граніце» ў Мікашэвічах. Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу і ствараюць суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж яны адчулі ціск з боку адміністрацыі.

«Гэты камэнтар тычыцца таго, што сёньня прафсаюзы, з пункту гледжаньня ўлады, — гэта пэрманэнтная пагроза. І любая спроба іх разьвіцьця і ўзмацненьня іх уплыву самой уладай трактуецца як сур’ёзны і грозны выклік. І, напэўна, нічога не мяняецца ў нашай дзяржаве і можна казаць толькі пра адну тэндэнцыю — паступовага ператварэньня аўтарытарнай сыстэмы ў таталітарную. Усё скончыцца сацыяльным выбухам, і ня трэба зьдзіўляцца. Мы ніколі не лічылі і ня лічым сябе за „пятую калёну“. Але мы былі, ёсьць і застанемся незалежнымі ад улады, і мы будзем рабіць усё тое, што запісана ў нашых статутах. Па-сапраўднаму абараняць правы і інтарэсы працоўных. Працоўныя краіны маюць канстытуцыйнае права на тое, каб ствараць сваю арганізацыю. І мы будзем адстойваць гэта права беларускіх працоўных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG