Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гефтэр: Тут няма й намёку на прававую дзяржаву


Валянцін Гефтэр
Валянцін Гефтэр
Дырэктар Маскоўскага інстытуту правоў чалавека, сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі Валянцін Гефтэр даў інтэрвію сайту праваабарончага цэнтру «Вясна».

Параўноўваючы становішча палітвязьняў у Расеі і Беларусі, Валянцін Гефтэр сказаў: «Я разумею, што сытуацыя ў Беларусі зусім іншая. Мне кажуць, што тут наогул няма ня тое што прававой дзяржавы, але і намёку на яе. Таму прыбягаць да прававога вырашэньня пытаньняў з палітвязьнямі бессэнсоўна і трэба пераходзіць у галіну палітычнай рыторыкі. Аднак у нас такая пазыцыя не прыводзіць да посьпеху. Адно скажу, нельга разглядаць усіх палітзьняволеных аднолькава, у кожным асобным выпадку патрэбны індывідуальны падыход, а патрабаваньні па вызваленьні палітвязьняў могуць быць розныя. Тут патрэбныя экспэртызы, узгадненьне пазыцый. Ёсьць у Беларусі выпадкі, калі ўсё было зразумела напачатку. Гэта справа Сяргея Каваленкі, напрыклад, або справы фігурантаў Плошчы 2010 года».

На пытаньне пра створаную ў Беларусі базу невыязных актывістаў, расейскі праваабаронца адказаў так: «Нельга абмяжоўваць людзей у іх праве на выезд з краіны і вяртаньне, акрамя тых выпадкаў, калі гэта рашэньне не прынятае судом. Зразумела, кожная дзяржава можа абмежаваць права на перамяшчэнне людзей... за нявыплату алімэнтаў, да прыкладу, ці падаткаў, альбо з-за абавязку служыць у войску... Але караць забаронай, нават часовай, толькі за тое, што ў людзей іншыя погляды, ці яны ўдзельнічаюць у дазволенай мірнай дзейнасьці супраць сваёй дзяржавы – няправільна».

Сытуацыя зь невязнымі актывістамі ў Беларусі непакоіць Раду правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі, – кажа Валянцін Гефтэр: «Нас асабліва непакоіць той момант, што пры адсутнасьці забароны для беларусаў патрапляць на тэрыторыю Расеі, можа ўзьнікнуць перашкода на паездкі праз Расею ў іншыя краіны для беларускіх невыязных. Ёсьць нейкія невыразныя заявы асобных чыноўнікаў пра магчымае пагадненьне паміж памежнымі службамі Беларусі і Расеі наконт абмену падобнымі сьпісамі. І таму мы будзем рабіць нейкія звароты ў кампэтэнтныя органы, каб не дапусьціць падобнай сытуацыі з боку Расеі. Станоўчы вопыт такога супрацоўніцтва у нас ёсьць. Напрыклад, у сьнежні 2010 году, калі пачалася хваля палітычных рэпрэсій, я рыхтаваў адпаведны зварот, які мы перадалі прэзыдэнту. І была рэакцыя і прэзыдэнта Расеі, і міністра замежных спраў на палітычную матывацыю перасьледаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG