Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіянаў: Пачынаюць ціснуць праз блізкіх мне людзей


Вячаслаў Дзіянаў
Вячаслаў Дзіянаў

Апоўдні 18 красавіка ў сваёй менскай кватэры была затрымана Маргарыта Лавышык — сяброўка каардынатара кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслава Дзіянава.

Паводле актывіста, цяпер спэцслужбы «скануюць» яе пэрсанальны кампутар. Пра гэта сьведчыць уключаны скайп дзяўчыны, якая па-ранейшаму ў руках спэцслужбаў.

Вячаслаў Дзіянаў у размове са «Свабодай» паведаміў, што ягоную сяброўку затрымалі якраз падчас іхняй гутаркі праз скайп. Па яго словах, празь мікрафон было чуваць, як у кватэру заходзяць супрацоўнікі міліцыі, прадстаўляюцца, пасьля чаго сувязь зьнікла. Цяпер, не выключае спадар Дзіянаў, кампутар Маргарыты вывучаюць на прадмет «экстрэмісцкага зьмесьціва»:

«Пакуль ад яе няма ніякай інфармацыі. Паказальна, што Маргарыта зьявілася ў скайпе, але не адказвае на тое, што я ёй пішу. Відавочна, што яе кампутар цяпер у КДБ і яны апрацоўваюць наяўную інфармацыю, то бок счытваюць яе. У прыватнасьці, пра што мы ліставаліся і г.д.»

Сам Вячаслаў Дзіянаў ад пачатку леташніх «маўклівых акцый» жыве ў Польшчы, туды ж днямі зьбіралася ехаць Маргарыта Лавышык. Па словах актывіста, паказальна тое, што нідзе ў сацыяльных сетках асабістыя дадзеныя Маргарыты не публікаваліся, яна нават карысталася прыдуманым імем, каб не прыцягваць увагі спэцслужбаў. Між тым факт затрыманьня дзяўчыны сьведчыць пра тое, што ўвага да арганізатараў мінулагодніх акцыяў і іхняга атачэньня не слабее:
Відавочна, што яе кампутар цяпер у КДБ і яны апрацоўваюць наяўную інфармацыю.

«Сапраўды, Маргарыта ня ўдзельнічала ў апазыцыйным руху, яна не была актывісткай «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку».

Карэспандэнт: «Вы мяркуеце, што яе ўсё ж затрымалі спэцслужбы?»

«Пра гэта сьведчыць хоць бы тое, што яе затрымлівалі супрацоўнікі на мікрааўтобусе „Фольксваген Транспортэр“ сіняга колеру. Гэта штатны транспарт менскіх спэцслужбаў. Думаю, што яе браў АМАП, але потым адвезьлі ў КДБ. Таму што кампутар цяпер праглядаюць, ад яе імя працуе скайп, дакладней, яе акаўнт. Зразумела, што на тым канцы не яна, а нехта зусім іншы».

Ажыятаж вакол маўклівых акцыяў суцішыўся яшчэ пры канцы мінулага лета. Цягам чэрвеня-ліпеня з ініцыятывы «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» кожную сераду па ўсёй Беларусі на галоўныя плошчы гарадоў выходзілі тысячы людзей, якія выказвалі незадавальненьне палітыкай уладаў па-новаму — ня лёзунгамі, а аплядысмэнтамі. Плясканьне ў ладкі выклікала надзвычай агрэсіўную рэакцыю сілавікоў: цягам двух месяцаў за краты былі кінутыя блізу дзьвюх тысяч чалавек — прычым як удзельнікаў акцый, так і выпадковых мінакоў. Бальшыня зь іх былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў і буйных штрафаў. Шмат хто за ўдзел у акцыях страціў працу.

Запалохаўшы людзей, улады зьвялі «рэвалюцыйную» актыўнасьць да мінімуму. Сёлета актывісты кампаніі абралі іншую тактыку: кропкавае вывешваньне на мастах і пуцеправодах банэраў і плякатаў у падтрымку палітзьняволеных. Падобныя вылазкі, лічыць Вячаслаў Дзіянаў, таксама не даюць спакою сілавікам:

«Па-першае — так, масавых акцыяў апошнім часам ужо не было. Але мы ладзілі рознага кшталту мерапрыемствы з удзелам нашых актывістаў. Па-другое, мы заўсёды нешта плянавалі, бо думаем дзейнічаць надалей; людзі, якія нас падтрымліваюць, засталіся. Вядома, улады гэта бачаць і робяць контразахады. Яны разумеюць, што мяне дастаць цяжка, таму нічога не знайшлі лепшага, як пачаць ціснуць на блізкіх для мяне людзей. Таму я думаю, што такім чынам яны спрабуюць узьдзейнічаць і на мяне».

Вячаслаў Дзіянаў кажа, што беларускія ўлады па-ранейшаму робяць стаўку на запалохваньне і «б’юць па-сталінску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG