Соўсь: Зьміцер, вы казалі, што даведаліся пра вызваленьне Андрэя Саньнікава 14 красавіка з Радыё Свабода. Раскажыце, калі ласка, ці лёгка ў калёніі слухаць «Свабоду». Як часта вы настройваліся на хвалі «Свабоды»? Ці часта даводзілася чуць галасы родных праз «Свабоду»?
Бандарэнка: Я ня буду ўдавацца ў падрабязнасьці, але магчымасьць слухаць пэрыядычна была. Я атрымліваў газэты, але Радыё Свабода апярэджвала паводле інфармацыі газэты на некалькі дзён. І гэта было вельмі важна. А калі ў мяне не было магчымасьці слухаць «Свабоду», здаралася так, што людзі ў сталоўцы падыходзілі да мяне і казалі: «Вось учора твая выступала... Вось ўчора палітычныя тое і тое... А вось Статкевіч і Саньнікаў...» Гэта значыць, што Радыё Свабода — вельмі важная рэч для людзей, якія ня маюць доступу да інтэрнэту. Безумоўна, я быў шчасьлівы, калі ў мяне была магчымасьць слухаць ваша радыё.
Соўсь: Вы б не напісалі прашэньня аб памілаваньні, калі б гэта не быў вымушаны зрабіць экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў?
Бандарэнка: Я б трымаўся максымальна доўга. Людзі ў пагонах часьцяком, асабліва на першым этапе, паўтаралі такую фразу: «Дзьмітры Яўгенавіч, зламаць можна кожнага чалавека». Я казаў у адказ, што ведаю, бо чалавек — гэта адкрытая сыстэма. Яму трэба дыхаць, есьці, спаць і г. д. Я б трымаўся яшчэ, спрабаваў бы трымацца, але... Было гэта супадзеньне ці не, але ў канцы сьнежня ў мяне ўскладніліся ўмовы і адначасова я даведаўся пра рашэньне Андрэя. Я сказаў, што буду пісаць гэтае хадайніцтва, але вось маю праблемы, і гэта супярэчыць тым рэкамэндацыям, якія даваліся і цывільнымі лекарамі, і ў Менскім рэспубліканскім шпіталі. Ну і так гэта вырашылася. Я напісаў хадайніцтва, а ў мяне сталі лепшыя ўмовы, якія ўлічвалі рэальны стан майго здароўя. Гэта адбылося адначасова.
Соўсь: Вас пераконвалі напісаць такое хадайніцтва яшчэ летам. У якой форме гэта адбывалася?
Бандарэнка: Мяне пераконвалі адразу, яшчэ ў «Амэрыканцы». Там ставілі тры ўмовы. Першае, падпісаць паперу аб супрацоўніцтве зь беларускім КДБ. Другое, трэба было даць паказаньні на Саньнікава і Статкевіча. Трэцяе, напісаць ліст да Лукашэнкі. Гэта было зь першых дзён. Ну і так пэрыядычна пра гэта згадвалі на працягу некалькіх месяцаў. Потым у верасьні мяне кіраўніцтва калёніі два дні выклікала і казала, маўляў, калі напішаце прашэньне, вы адразу выйдзеце. Казалі нават, што можаце не прызнаваць сваю віну, дастаткова напісаць, што ў сувязі з кепскім станам здароўя прашу мяне вызваліць — гэтага было б дастаткова. Я на гэта не пайшоў, бо я чалавек каманды. Пасьля на пэўны час адчапіліся, былі толькі намёкі.
Соўсь: Наведнікі нашага сайту, слухачы запытваюцца пра тое, што адбылося за кратамі з Андрэем Саньнікавым, і яшчэ больш пытаньняў выклікае тое, што ён ня хоча пакуль пра гэта гаварыць. Як вы мяркуеце, чаму?
Людзі ў пагонах часьцяком, асабліва на першым этапе, паўтаралі такую фразу: «Дзьмітры Яўгенавіч, зламаць можна кожнага чалавека»
Бандарэнка: Ведаеце, патрэбная пэўная далікатнасьць. Мы ўсе прызвычаіліся глядзець шоў за шклом. Я нават жонцы пра гэта казаў, жартуючы, маўляў, трэба легалізаваць гэта і сачыць, хто калі зломіцца, і хто што далей зробіць. Мы ўсе жывыя людзі. Чалавек перажыў паўтара года стрэсу. Чалавек перажыў пагрозы сваёй жонцы і свайму сыну. Задаваць пытаньне, што вы адчувалі ў той час, калі былі пагрозы вашай жонцы і сыну? Задаючы такія пытаньні, мне здаецца, мы губляем чалавечнасьць... Нельга калупацца ў ранах, гэтага нельга рабіць. Дайце чалавеку адысьці ад стрэсу. Ня трэба разгадваць дэтэктыў.
Соўсь: Архіпэляг БЕЛАГ, так называўся на сайце Свабоды разьдзел пра беларускіх палітвязьняў. Вы пражылі год і чатыры месяцы ў гэтым архіпэлягу БЕЛАГу, спачатку ў турме КДБ, потым у магілёўскай калёніі. Што з вашага гледзішча былога палітвязьня трэба было б прынцыпова зьмяніць у беларускай турэмнай сыстэме найперш?
У нас людзей выхоўваюць як карнікаў
Бандарэнка: Ведаеце, я ня веру, што нейкія сур’ёзныя зьмены могуць быць цяпер. Мы іх як самастойная краіна ня можам зрабіць. Нам трэба ўступаць у Эўрапейскі зьвяз і выконваць тыя патрабаваньні, якія ЭЗ выстаўляе для кожнай краіны-кандыдата. Мы павінны рабіць тое, што рабілі Польшча, Літва, Баўгарыя і г. д. А так... Трэба, каб супрацоўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы мелі сувязі са сваімі калегамі ў замежжы. Ня сёньня, а тады, калі пачнуцца зьмены, трэба каб нашы людзі ў пагонах ведалі, што турмы могуць быць больш чалавечныя, могуць быць іншыя... У нас людзей выхоўваюць як карнікаў. У нас нават у РАУС супрацоўнікі кажуць «В первую очередь мы каратели...» Яны нават самі не разумеюць, што яны кажуць. Ну а тое, што сёньняшнія ўлады могуць зрабіць, гэта лібэралізаваць Крымінальны кодэкс хаця б па тых мадэлях, што існуюць ва Ўкраіне і Расеі.
Соўсь: Ці адчувалі вы за кратамі салідарнасьць людзей? Ці даходзілі да вас лісты падтрымкі? Ці дайшлі да вас лісты Джорджа Буша і Вацлава Гаўла?
Я прывёз некалькі кіляграмаў лістоў і паштовак, шмат лістоў з замежжа, ад беларусаў з усяго сьвету
Бандарэнка: Зноў жа з Радыё свабода я даведаўся, што Андрэю Саньнікаву дазволілі перадаць перапіску ўсю. Я доўгі час сваю зьнішчаў, бо пры пераездах лісты зьнішчаліся наогул, і я думаў, што не дазваляюць проста выносіць. І калі я пра гэта даведаўся, з таго моманту я стаў захоўваць паштоўкі і лісты. Было вельмі шмат зваротаў ужо ўвосень. Дагэтуль была блытаніна, напрыклад, газэты паведамлялі, што я знаходжуся ў Магілёве, а я ў гэты час быў на Валадарцы, магчыма людзі пісалі, але я не атрымоўваў. А вось зь верасьня пайшло больш лістоў. На сьвяты — Каляды і Новы год — быў вал лістоў. Гэта часам выклікала нават зайздрасьць іншых арыштантаў, бо прыносяць цэлую кучу, і ўсё ідзе Бандарэнку, а на астатніх пара паштовак. Я прывёз некалькі кіляграмаў лістоў і паштовак, шмат лістоў з замежжа, ад беларусаў з усяго сьвету.
Наконт лістоў ад Гаўла і Буша... Не, ліст ад Свабоды, што, маўляў, мы дасылаем копіі лістоў Буша і Гаўла я атрымаў, а самі лісты — не. Але мне было важна, што яны зьвярнуліся, і зноў жа — дзякуючы вашай Радыёстанцыі.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 года Зьміцер Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Бандарэнку асудзілі да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Адразу пасьля арышту ў сьнежні 2010 году ў яго абвастрыліся хранічныя захворваньні, у ліпені 2011 года зрабілі апэрацыю на пазваночніку. У студзені сёлета Зьмітру Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрыманьня ў калёніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страю і нават забаранілі карыстацца мыліцай. Пасьля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэньне аб памілаваньні, яму дазволілі карыстацца мыліцай. Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеяньні ў дачыненьні да палітзьняволенага як катаваньні. Скарга з просьбай расьсьледаваць факты ўжываньня катаваньняў да Бандарэнкі накіраваная ў ААН. 15 красавіка Зьміцер Бандарэнка быў вызвалены з магілёўскай калёніі.