Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі прапануюць «пазытыўны пасыл»


Радаслаў Сікорскі і Штэфан Фюле
Радаслаў Сікорскі і Штэфан Фюле

У Варшаве пачалася першая канфэрэнцыя ў межах праграмы Эўразьвязу «Эўрапейскі дыялёг на карысьць мадэрнізацыі Беларусі».

Арганізатары — а гэта, сярод іншых, МЗС Польшчы, Эўрапейская камісія, Варшаўская фондавая біржа, Фонд міжнароднай салідарнасьці — да апошняга моманту не падавалі прозьвішчаў беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі, баючыся, што іх ня выпусьцяць з краіны. Сярод удзельнікаў зь Беларусі ­ прадстаўнікі найбольш буйных апазыцыйных палітычных партыяў, сярод іншых Анатоль Лябедзька, Аляксей Янукевіч, Яраслаў Раманчук.

У МЗС Польшчы Свабодзе паведамілі, што галоўны партнэр для Эўразьвязу гэта апазыцыя ды грамадзянская супольнасьць, але запрашалі і прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. Папярэдне пагадзіўся толькі адзін. Прысутнічае і прадстаўнік беларускай амбасады ў Польшчы.

Урачыстае адкрыцьцё канфэрэнцыі адбылося ў адным з найбольш прыгожых месцаў польскай сталіцы — парку «Лазенкі». У ім узялі ўдзел міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ды камісар Эўрапейскага зьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле.

У часе прэсавай канфэрэнцыі спадар Сікорскі заявіў, што Польшча, Эўразьвяз хочуць запрапанаваць «пазытыўны пасыл» Беларусі, а ня толькі ўжываць санкцыі, якія, аднак, як падкрэсьліў міністар, павінны выкарыстоўвацца, калі Менск трымае апазыцыйных палітыкаў у турмах.

Тэма першай канфэрэнцыі — прыватызацыя. Паводле арганізатараў, гэтая праблема надзвычай істотная для цяперашняй Беларусі, бо толькі праз разумную прыватызацыю можна мадэрнізаваць эканоміку, як гэта было зроблена, прыкладам, у краінах усходняй Эўропы.

Гэтай тэме прысьвечаны і выступ сусьветна вядомага польскага эканаміста, прафэсара Лешака Бальцаровіча, аўтара польскай «шокавай тэрапіі», якая дазволіла кардынальна рэфармаваць польскую эканоміку адразу пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму.

Канфэрэнцыя працягнецца да аўторка. Падобныя імпрэзы на розныя, зьвязаныя зь Беларусьсю, тэмы, будуць адбывацца рэгулярна ў сталіцах краінаў-сяброў Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG