Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі — прычыны і наступствы


Чаму былі вызваленыя яшчэ двое палітвязьняў? Калі будуць вызваленыя іншыя палітвязьні? Што стане адказам Захаду на цяперашнія вызваленьні?

Над гэтымі пытаньнямі ў Праскім акцэнце разважаюць: адзін з лідэраў кампаніі «Эўрапейская Беларусь», былы палітвязень Аляксандар Артошчанкаў, аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч, дарадца кіраўніка руху «За Свабоду», палітоляг Алесь Лагвінец і выдавец інтэрнэт-газэты БДГ, бізнэсовец Пётар Марцаў.

Чаму вызвалілі?

Дракахруст: Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня быў вызвалены кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, у нядзелю на волю выйшаў Зьміцер Бандарэнка.
Чаму? Ці можна сказаць, што далі плён санкцыі Эўропы і ЗША і пэрспэктыва іх пашырэньня, што афіцыйны Менск проста капітуляваў, адвярнуў першым, калі Захад пайшоў на супрацьстаяньне ўсур’ёз? Ці гэта вынік закуліснай патаемнай дыпляматыі? А можа наагул нечага іншага, напрыклад, тых праблемаў, якія сталі ўзьнікаць у афіцыйнага Менску з Масквой пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў?

Атрошчанкаў: Зразумела, такога супадзеньня проста ня можа быць. Дзейнічаў комплекс прычын, але галоўную ролю адыграла пазыцыя заходніх краін, найперш краін Эўразьвязу.

Дракахруст: Валер, а вы таксама мяркуеце, што справа менавіта ў санкцыях? Санкцыі дзейнічалі больш за год, і яны не былі сьмяротнымі.

Карбалевіч: Тут дзейнічаў шэраг фактараў. Справа ў тым, што цяпер Беларусь сапраўды зацікаўлена ў спыненьні дыпляматычнай вайны з Эўразьвязам. І калі аналізаваць выступ Лукашэнкі на нарадзе па зьнешняй палітыцы 5 красавіка, то акрамя піяру там прагучала два тэзісы: Беларусь хоча, каб эўрапейскія амбасадары вярнуліся, і яна гатова вызваліць некаторых палітвязьняў. Чаму менавіта зараз Лукашэнка зацікаўлены ў спыненьні дыпляматычнай вайны з ЭЗ?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Па-першае, таму што моцная рэакцыя Эўразьвязу была нечаканай для афіцыйнага Менску. Апошнія рашэньні Эўропы па санкцыям былі даволі моцныя, тады ЭЗ перайшоў нейкую мяжу, упершыню былі ўведзеныя кропкавыя эканамічныя санкцыі. Тыя дыскусіі наконт таго, ці трэба ўводзіць эканамічныя санкцыі ў Эўропе, спыніліся. І Эўразьвяз пачаў уводзіць гэтыя санкцыі. Мне падаецца, што гэтыя крокі аказаліся даволі непрыемнымі для Беларусі.

Другі момант — гэта пытаньне пра чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, які павінен адбыцца ў Беларусі. Пакуль што рашэньне не адмененае, але пытаньне стаіць вельмі востра. У Менску зразумелі, што калі нічога не рабіць, то тады сапраўды Беларусь можа пазбавіцца правядзеньня ЧС у 2014 годзе. Гэта ня толькі іміджавыя страты, але і эканамічныя, таму што зараз у Менску будуецца вялікая інфраструктура пад чэмпіянат сьвету. Калі Беларусь будзе пазбаўлена чэмпіянату, то ўсе гэтыя выдаткі будуць марнымі.

Дракахруст: Алесь, а на ваш погляд, у чым прычына — у санкцыях?

Лагвінец: Лукашэнка даволі моцна сябе адчувае дзеля таго, каб самому вырашаць, калі і каго ён адпускае. Таму я лічу, што рашэньне, як і раней, прымаецца ў Менску. Больш за тое, на вялікі жаль, унутры нашага грамадзтва не было вялікага ціску на рэжым. Я лічу, што галоўнае — гэта геапалітычная абумоўленасьць гэтага пытаньня. У Лукашэнкі застаецца вельмі вузкае поле для манэўраў. Пуцін у хуткім часе будзе інаўгураваны як прэзыдэнт Расеі. Ён не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго любімага праекту Эўразійскага саюзу. У гэтым кантэксьце Лукашэнка, які сапраўды спрабуе не складаць яйкі ў адзін кошык, пасылае сыгналы Захаду, што ён гатовы рабіць крокі наперад. Больш за тое, відавочна, што ўсё гэта суправаджаецца ваяўнічай рыторыкай, але тым ня менш мы бачым, што Лукашэнка спрабуе хоць неяк гарантаваць аўтаномнасьць у сваіх дачыненьнях з Расеяй.

Дракахруст: Пётар, калегі ў той ці іншай ступені мяркуюць, што санкцыі былі важным ці вырашальным чыньнікам у вызваленьні Саньнікава і Бандарэнкі. Вы згодны?

Марцаў: Я ня думаю, што менавіта гэтыя санкцыі, пра якія ўсе кажуць, зьявіліся асноўнай прычынай таго, што вызвалілі Саньнікава і Бандарэнку. Калі б не эскаляцыя гэтага супрацьстаяньня, калі б не спроба захаваць твар і з боку ЭЗ, і з боку дзеючай улады, то гэтыя людзі даўно былі б на волі. Па-першае, Саньнікаў і Бандарэнка напісалі прашэньне аб памілаваньні. Яны выканалі фармальныя крокі, якія юрыдычна дазволілі іх выпусьціць. Па-другое, гэта нельга назваць нечаканым, паколькі яшчэ тры тыдні таму стала зразумела з заяваў кіраўніцтва краіны, што палітвязьні ў Беларусі будуць вызваленыя. У выніку чаго — тут складана судзіць, паколькі існуе комплекс прычын. Адыграла ролю і пазыцыя Захаду, выказаная праз так званыя санкцыі. Але асноўная прычына ў тым, што гэты канфлікт нявыгадны для Беларусі, паколькі краіна застаецца сам на сам з такім магутным партнэрам, як Расея. Апошнія месяцы было відаць, што Расея даціскае Беларусь, ажыцьцяўляючы тыя крокі, якія вядуць да яе эканамічнага захопу. Шматвэктарнасьць, якая дэкляравалася доўгі час, безумоўна, падлягала аднаўленьню.

Пётар Марцаў
Пётар Марцаў
І я не сьпяшаўся б аб’яўляць гэтую «бітву» скончанай, таму што гэты працэс толькі пачаўся. Палітвязьні ў Беларусі яшчэ ёсьць. Як і ў выніку чаго яны будуць вызваляцца — пытаньне складанае. І я б абачліва ставіўся да гэтага працэсу, імкнучыся яму ня шкодзіць. Відавочна, што гэты працэс суправаджаецца нейкім неафіцыйным дыялёгам.

Чаму ня вызвалілі ўсіх?

Дракахруст: Пётар, вы ўжо нагадалі, што шмат людзей застаюцца за кратамі. А на ваш погляд — чаму? Бо калі вызваляюць ня ўсіх, то ніякай нармалізацыі, ніякага збліжэньня не адбываецца, твар у пэўным сэнсе губляецца, як-ніяк. І тады які сэнс?

Марцаў: Гэта працэс, які мы будзем альбо назіраць альбо не. Як спыніць эскаляцыю супрацьстаяньня? Напэўна, неабходна зрабіць крокі насустрач. Можна сказаць, што першым крокам было вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі. З пункту гледжаньня ўлады, першы крок зрабіў Эўразьвяз, калі працэс пашырэньня сьпісу неўязных спыніўся да траўня. Для ўсіх становіцца зразумелым, што гэта спроба гандлю. Безумоўна, гэты працэс выгадны Менску, паколькі ён пераключае ўвагу з базавых патрабаваньняў, якія калісьці абвясьціў Эўразьвяз. Гэта дэмакратызацыя, зьмены ў выбарчы кодэкс, лібэралізацыя эканомікі. Тыя 12 крокаў, якія калісьці прапаноўваў зрабіць Эўразьвяз — пра іх зараз ужо ўсе забыліся. Зараз Менску дастаткова проста вызваліць палітвязьняў або «хуліганаў», як яны лічаць, для таго, каб аднавіць дыялёг з ЭЗ.

Дракахруст: Аляксандар, а на ваш погляд — чаму ня вызваленыя іншыя палітвязьні? Ці гэта пытаньне хуткага часу? І чаму цяперашняе рашэньне было ў пэўнай ступені адваротным леташняй хвалі вызваленьняў — з тых, хто заставаўся і застаецца за кратамі, быў вызвалены самы аўтарытэтны і ўплывовы палітык? Умова нармалізацыі, выстаўленая Захадам — гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Дык што ж атрымлівае Менск, вызваляючы толькі некаторых?

Атрошчанкаў: Я згодны з думкай Валера, што Захад перайшоў вельмі прынцыповую мяжу. І эканамічныя санкцыі, якіх яны пазьбягалі раней, ужо не зьяўляюцца нейкім табу. Лукашэнка зараз у пэўнай ступені прыціснуты да сьцяны, і такім вызваленьнем ён намагаецца забясьпечыць сабе нейкую свабоду манэўру. Але гэтым вызваленьнем вырашаюцца і ўнутрыпалітычныя задачы. Менавіта таму і быў вызвалены Саньнікаў. Магчыма, Лукашэнка спрабуе паказаць, што ён ня самы небясьпечны для яго супернік. Магчыма, спрабуе блефаваць у заходнім накірунку. Зразумела, што патрабаваньне Захаду ён ня выканаў ні ў якой ступені. За кратамі застаюцца незаконна асуджаныя людзі. Я спадзяюся, што гэта нікога не падмане.

Дракахруст: Алесь, а як вы мяркуеце: чаму вызвалілі толькі дваіх? Здаецца, што з цынічнага пункту гледжаньня мела сэнс вызваляць альбо ўсіх, альбо нікога.

Лагвінец: Мы ведаем, што Лукашэнка паводзіць сябе па-іншаму. Папярэднія вызваленьні палітвязьняў, якія пачыналіся з дыялёгу ў 2008 годзе, таксама не былі адначасовымі. Выпускаліся спачатку Клімаў, Севярынец, напрыканцы Казулін. Зараз лёгіка вызваленьня крышку памянялася. Але можна прагназаваць, што Лукашэнка будзе спрабаваць гандлявацца па кожным выпушчаным палітвязьні. Ён хоча зацягнуць працэс вызваленьня дзеля таго, каб паказаць, што ён увесь час дэманструе нібыта добрую волю. Відавочна, Лукашэнка будзе спрабаваць захаваць твар, кажучы, што ён гэта робіць толькі з уласнай волі, а ня ў выніку ціску. Вельмі хочацца, каб палітвязьні як мага хутчэй выйшлі на волю. Але выглядае так, што мы на пачатку нуднага і брыдкага з боку ўладаў працэсу, калі яны па-ранейшаму будуць падаваць кожны крок вызваленьня палітвязьняў, як велізарнае дасягненьне. Па сутнасьці будзе зноў размова пра дыялёг, а ня сам дыялёг ці сама лібэралізацыя, уласна кажучы.

Дракахруст: Валер, а якое вашае тлумачэньне вызваленьняў? Можа, яно вельмі простае — як казаў Лукашэнка: хто напіша прашэньне аб памілаваньні — тых вызваляць, а хто не напіша — будзе сядзець. Але вось Алесь сказаў, што Лукашэнка зацягвае працэс. Але зацягваньне працэсу вызваленьня ёсьць і зацягваньне працэсу нармалізацыі адносін з Эўропай, у чым ён нібыта зацікаўлены.

Карбалевіч: Наконт таго, чаму менавіта Саньнікава і Бандарэнку, то адказ на паверхні: Лукашэнка сам казаў, што вызвалены будуць тыя, хто напісаў прашэньне пра памілаваньне. Я лічу, што задача вызваленьня ўсіх на гэтым этапе перад беларускімі ўладамі не стаіць. Задача заключана ў вяртаньні сытуацыі да сярэдзіны лютага. Тады эўрапейскія амбасадары знаходзіліся яшчэ ў Менску, і дыпляматычная вайна толькі пачыналася. Таму вызваленьне двух чалавек стварае спрыяльную магчымасьць для вяртаньня амбасадараў, і такім чынам — да вяртаньня той сытуацыі, калі дыпляматычная вайна не пачалася. Цяпер амбасадары могуць вярнуцца са спакойным сумленьнем, як бы захаваўшы твар.
Яны на знак пратэсту зьехалі, беларускія ўлады вызваляюць двух чалавек, крок наперад. Яны зараз са спакойнай душой могуць вярнуцца.

А далей пачнецца торг: што гатовы прадставіць Эўразьвяз у абмен на вызваленьне новай порцыі палітвязьняў. Мне падаецца, што беларускія ўлады, як звычайна, хочуць зрабіць палітвязьняў своеасаблівай картай у гульні з Эўразьвязам.

Дылема Эўропы

Дракахруст: Якія высновы варта зрабіць і кім яны будуць зробленыя з вызваленьня Андрэя Саньнікава і Зьміцера Бандарэнкі? На паверхні — простая лёгіка: санкцыі працуюць, пры дапамозе іх можна прымушаць беларускія ўлады саступаць, адступаць, таму іх ні ў якім разе нельга аслабляць, а трэба як мінімум трымаць, а тое і ўзмацняць, каб дамагчыся ад афіцыйнага Менску значна большых саступак, якія зусім не абмяжоўваюцца вызваленьнем палітвязьняў.

Але можа быць і іншая лёгіка: за вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі Менск варты ўзнагароджаньня, напрыклад, скарачэньнем сьпісу неўязных у Эўразьвяз, а поўнае вызваленьне ўсіх вязьняў вартае скасаваньня ўсіх санкцыяў і нармалізацыі стасункаў да ўзроўню, які Захад мае, скажам, з Азэрбайджанам ці Казахстанам.
Якая лёгіка падаецца вам больш слушнай?

Сяргей Атрошчанкаў
Сяргей Атрошчанкаў
Атрошчанкаў: Пасьля гэтых падзей відавочна, што на Лукашэнку робяць уплыў салідарныя і вельмі рашучыя дзеяньні. Мусіць быць скаардынаваная палітыка, якую мы назіраем у апошнія тыдні з боку ЭЗ. Толькі такія дзеяньні могуць прынесьці плён.

Зразумела, што Лукашэнка паспрабуе ўсё перайграць, зноў пачаць гандаль палітвязьнямі. Гэта сталая пазыцыя беларускага лідэра: браць стандарты дэмакратыі з Усходу, а грошы — з Захаду. Для яго ідэал — гэта адносіны Эўразьвязу, напрыклад, з Азэрбайджанам, дзе можна трымаць дзесяткі палітвязьняў, забіваць людзей за ўдзел у мірных дэманстрацыях, але мець добрыя гандлёвыя стасункі з Захадам. Гэта тое, да чаго імкнецца лідэр Беларусі. Мы вельмі ўсьцешаныя тым, што вызваленыя Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка. Але прынцыпова сытуацыя не зьмянілася. Паўтара дзясятка незаконна асуджаных людзей застаюцца за кратамі, мы ведаем, што да іх ужываюцца катаваньні, ідзе маральны і фізычны ціск. Таму абсалютна ніякага прагрэсу тут я ня бачу, сытуацыя абсалютна не зьмянілася. У краіне застаюцца закладнікі: за кратамі кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, у закладніках застаецца сям’я Андрэя Саньнікава, Ірына Халіп застаецца пад прысудам, іншыя людзі таксама застаюцца пад рознымі формамі абмежаваньня волі.

Сытуацыя прынцыпова не зьмянілася і таму любыя рашэньні аб зьмякчэньні санкцый падаюцца недарэчнымі.

Дракахруст: Алесь, як вы лічыце, на што настроены Захад, Эўропа? Вы днямі ўдзельнічалі ў прадстаўнічай канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі ў Браціславе. Які настрой заходніх палітыкаў: так, як прапануе спадар Атрошчанкаў, ці нейкім іншым чынам?

Лагвінец: Мне здаецца, што Эўропа пачакае наступных пазытыўных крокаў з боку беларускага рэжыму. Мяркую, што санкцыі пашырацца ня будуць. Відавочна, што да наступнага вызваленьня палітвязьняў сьпіс неўязных скарачацца ня будзе. Захад, які вельмі расчараваны ў абяцаньнях прэзыдэнта Беларусі, не гатовы адразу пайсьці насустрач беларускім уладам. Лукашэнка занадта доўгі час ігнараваў пазыцыю Захаду. Захад доўга запрагаў, але зараз ён робіць рашучыя крокі, у прыватнасьці, пашырае сьпіс неўязных за кошт бізнэсоўцаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. Зараз сытуацыя чаканьня. Ідуць непублічныя перамовы. Напрыклад, пазаўчора на канфэрэнцыі ў Браціславе міністар замежных справаў Баўгарыі Младэнаў сказаў, што чакаецца вызваленьне двух палітвязьняў. Празь дзень гэтыя палітвязьні былі вызваленыя. З боку ЭЗ сёньня ідзе вельмі адназначнае пасланьне, што вызваленьня Саньнікава і Бандарэнкі мала і трэба ісьці далей.

Хацеў бы дадаць, што шмат якія дзеяньні Лукашэнкі абумоўленыя ягонымі адносінамі з Расеяй. Памятаеце, што Казулін быў вызвалены толькі пасьля таго, як Расея пачала вайну супраць Грузіі. Захад мусіць глядзець і на ўсходні вэктар: якія будуць патрабаваньні да Лукашэнкі з боку Расеі, што яна будзе рабіць дзеля таго, каб Лукашэнка выканаў свае абяцаньні.

Дракахруст: Алесь, пазыцыя Захаду, якой вы яе абмалявалі — яна дакладна такая ж, якой была ў жніўні, пасьля вызваленьня 19 палітвязьняў. Вы памятаеце — з тым жа баўгарскім міністрам тады было дамоўлена, што да пачатку верасьня будуць вызваленыя ўсе. Але Эўропа не зрабіла ніякага жэсту (нават жэсту, ня тое, што мех грошай выдала) і вязьні засталіся за кратамі, вось толькі зараз двое выйшлі. Зараз гэтак ня можа адбыцца?

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Лагвінец: З боку ЭЗ будуць зробленыя два жэсты. Першы жэст — гэта вяртаньне амбасадараў. Другі — гэта неўнясеньне пытаньня Беларусі ў парадак дня наступнага пасяджэньня Рады міністраў ЭЗ альбо проста дэклярацыя заахвочваньня беларускіх уладаў дзеля таго, каб яны вызвалілі астатніх палітвязьняў. Пазытыўным крокам з боку ЭЗ у дадзеным выпадку будзе непашырэньне сьпісу неўязных.

Марцаў: Цалкам відавочна, што Эўразьвяз будзе працягваць настойваць на базавых патрабаваньнях ў працэсе дэмакратызацыі. Аднак, відавочна, што гэта займае шмат часу ў палітычнай прасторы. Гэта зручныя ўмовы для Лукашэнкі, так як можна папрасіць нешта наўзамен. Я па-ранейшаму лічу, што санкцыі ў выглядзе складаньня сьпісу неўязных ня ёсьць санкцыі, якія ўяўляюць сур’ёзную пагрозу беларускаму рэжыму. Пагроза для рэжыму — гэта эканамічнае паглынаньне. Відавочна ціск з боку Расеі і з нагоды Эўразійскага саюзу, і з нагоды Адзінай эканамічнай прасторы. Выкананьне гэтых патрабаваньняў вядзе да сур’ёзнай эканамічнай рэформы, чаго не хацелася б беларускаму лідэру, каб не дзяліцца ўладай. Відавочна, што для яго пытаньне часу прынцыповае: стаіць задача выйграць 2-3 гады. Уласна гэтым Лукашэнка і займаецца.

Наколькі пазыцыя Захаду можа быць эфэктыўнай у гэтым сэнсе слова? Наўрад ці гэтае пытаньне неабходна вырашаць праз эканамічныя санкцыі. Калі санкцыі стануць рэальнымі, то гэта гарантуе поўную залежнасьць беларускага рэжыму ад Расеі. А вось гэтыя фармальныя санкцыі з майго пункту гледжаньня ніяк не ўплываюць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі.

Ключавым момантам будзе канец году, калі неабходна пачынаць аддаваць даўгі. Мабыць, важнымі санкцыямі былі тыя, якія ніхто не заўважыў, а менавіта, адмова МВФ супрацоўнічаць з Беларусьсю. Гэтак жа, як цяпер Расея затрымлівае чарговы транш крэдыту ад Эўразійскага банку, настойваючы на тых умовах, якія былі вылучаныя ў свой час.

А вось гэтыя фармальныя, іміджавыя санкцыі, з майго пункту гледжаньня, ніяк не ўплываюць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі.

Дракахруст: Валер, сытуацыя ўсё ж зьмянілася. І на ваш погляд, якой будзе пазыцыя Захаду, і якой ёй варта быць?

Карбалевіч: Я згодны з тым, што сапраўды гэта нейкі пункт біфуркацыі, які нагадвае момант пасьля візыту кіраўніка МЗС Баўгарыі спадара Младэнава. Тады Менск чакаў нейкіх крокаў ад ЭЗ. Не дачакаўся і ў выніку ўзяў курс на яшчэ больш жорсткае стаўленьне да палітычных апанэнтаў. Вяртаньне амбасадараў зьяўляецца пэўным жэстам. У гэтым я згодзен з Алесем. Неўжываньне новых санкцыяў — таксама крок насустрач з боку Эўропы. Ці будзе ён так успрыняты ў Менску? Вось гэта сапраўды пытаньне, на якое адказу пакуль няма.

Што можа зараз зрабіць Захад? Скарачэньне сьпісу неўязных наўрад ці нейкім чынам паўплывае на Лукашэнку. Калі б гэтыя скарачэньні пачаліся зь яго самога, безумоўна, тады іншая справа. А тое, што некалькім судзьдзям будзе дазволена ехаць у Эўропу — наўрад ці гэта паўплывае на пазыцыю афіцыйнага Менску.

Што б мог зрабіць Захад рэальна — гэта той самы дыялёг дзеля мадэрнізацыі, які нібыта пачаўся з боку ЭЗ адносна Беларусі. Ён арыентаваны ў асноўным на беларускую грамадзянскую супольнасьць, на апазыцыю, а ўлады як бы вынесеныя за дужкі. Магчыма, што ў гэты праект трэба якім-небудзь чынам інтэграваць уладу хаця б на ўзроўні фармальных рэчаў, як гэта адбываецца ў праграме «Ўсходняга партнэрства». Вось гэта як раз тое, што ЭЗ можа рэальна зрабіць у сёньняшняй сытуацыі і што магло б быць пазытыўна ўспрынята ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG