Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа»: У камэру да Статкевіча падсадзілі маёра СОБР


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Гаворка ідзе пра маёра Андрэя Васільева, які дагэтуль утрымліваўся ў ПК-10 у Наваполацку.

Паводле зьвестак яго былых сукамэрнікаў, Васільеў заяўляў пра сваё дачыненьне да «эскадрону сьмерці» і зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага ў 1999–2000 гадах. У 2002 годзе Васільеву прысудзілі 21 год турмы нібыта за забойства дзяўчыны.

Прадстаўнікі маніторынгавай групы інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа», якія зьбіраюць інфармацыю пра сытуацыю ў беларускіх вязьніцах, атрымалі гэтую інфармацыю ад крыніцы ў магілёўскай крытай турме № 4, дзе цяпер сядзіць палітвязень Мікола Статкевіч.

Паводле інфармацыйнай крыніцы, перавод Васільева ў камэру да Статкевіча выклікаў зьдзіўленьне і непаразуменьне нават у турэмнай адміністрацыі. Раней у адной камэры з палітвязьнем сядзеў хворы на сухоты.

Тым часам, баранавіцкія грамадзкія актывісты наведалі Віктара Статкевіча — бацьку экс-кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Мікалая Статкевіча.

Яны павіншавалі яго зь Вялікаднем, пачаставалі яго велікоднымі стравамі і пажадалі як найхутчэй сустрэцца з сынам Мікалаем, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Актывісты распавялі пра вызваленьне Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі, пра магчымае вызваленьне астатніх палітвязьняў. Віктар Статкевіч вельмі перажывае, што Мікалай некалькі месяцаў быў у адной камэры з хворым на сухоты, што цяперашні яго сукамэрнік — былы афіцэр спэцназу.

Разам прачыталі велікоднае віншаваньне Мікалая, дасланае бацьку. Ён паведамляе, што апошні ліст да бацькі яму вярнулі назад і паведамілі, што ліст не прайшоў цэнзуру з-за «цынічных» выказваньняў. Мікалай Статкевіч паведамляе ў велікоднай паштоўцы, што некалькі разоў перачытваў гэты ліст, але так і не знайшоў там нічога цынічнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG