Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Молімся за тых, хто і цяпер пакутуе ад сваіх бліжніх


Велікоднае вітаньне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы


Архіпастырскае Велікоднае вітаньне
Годнаму чэсьці Духавенству і да ўсіх Багалюбных вернікаў беларускага народу.

Ты, Хрысьце, наша вялікая і сьвятая Пасха,
Слова Божае, Мудрасьць і Сіла.
(Канон. Песьня 9)


Дарагія Айцы, Браты і Сёстры!

Хрыстос Уваскрос!

Вітаем такімі радаснымі словамі адзін аднаго ў гэтае найвялікшае сьвята праваслаўных хрысьціян — Уваскрасеньне Хрыстовае!

Магутнасьць і сіла словаў Пасхальных Богаслужбаў гучыць для ўсіх нас, як бесьперапынная пераможная песьня Славы Божай. Усе заклікаюцца да поўнай і вялікай радасьці ў наступныя некалькі тыдняў Пасхальнага перыяду.

Малітоўныя сьпевы Сьвятой Царквы цяпер радасныя і аптымістычныя. Хрыстос Уваскрос, і дзеці Божыя ўваскрэснуць!

«Нябёсы хай дастойна весяляцца, і хай радуецца зямля, хай увесь сьвет, бачны і нябачны, сьвяткуе, бо ўваскрос Хрыстос, наша радасьць вечная.» (Канон. Песьня 1)

«Сёньня мы напоўніліся сьвятлом — неба, зямля і апраметная. Хай усё стварэньне сьвяткуе ўваскрасеньне Хрыста, які нас умацоўвае» (Канон. Песьня 3)

«Пекла, дзе твая перамога? Уваскрос Хрыстос, — і ты было спустошанае. Уваскрос Хрыстос, — і дэманы ўпалі. Уваскрос Хрыстос, — і жыцьцё запанавала...» (Слова Яна Залатавуснага на Вялікдзень)

Праз Божую ласку і Ягоную Крыжовую ахвяру нам дадзены новы стыль жыцьця. Ягоным уваскрасеньнем нам накрэслены шлях адраджэньня і аднаўленьня да сапраўднага і вечнага жыцьця. Прыймаючы Госпада да свайго жыцьця праз Сьвятыя Таінствы Царкоўныя, мы аднаўляем і сваю пакрыўджаную грахом у нас прыроду Божую, набліжаючыся такім чынам да нашага калісьці ўжо персанальнага ўваскрасеньня.

«Ніхто хай не баіцца сьмерці, бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас. Пакаштаваўшы сьмерці, Ён зьнішчыў сьмерць» (Слова Яна Залатавуснага на Вялікдзень). Сапраўды Хрыстос Ўваскрос!


Любыя Архіпастыры і Пастыры, Браты і Сёстры ў Хрысьце! Зьняволеныя на Бацькаўшчыне ды раскіданыя па ўсім сьвеце дзеці беларускага народу! Сьвятая Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, як Божая ўстанова ў гэтым сьвеце, трымае вас у сваіх малітвах. Трымайцеся і вы Ўваскрэслага Госпада. Молім Бога ў гэты Вялікодні час каб уваскрасіў да жыцця вечнага ўсіх, хто пакутуе сёньня за Бога, бліжняга, Бацькаўшчыну нашу — Беларусь. Молімся за тых, хто і цяпер пакутуе ад сваіх бліжніх, што яшчэ блудзяць у цемры крывадушнасьці, абыякавасьці і бязбожніцтва. Молімся каб Госпад Бог прасьвятліў усіх сьвятлом слаўнага Свайго Ўваскрасеньня.

З найцяплейшымі Пасхальнымі пажаданьнямі Божага ўсім дабраславеньня і любові ў Хрысьце Ўваскрэслым!

+ Серафім
епіскап Віленскі і Нью Ёркскі
Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG