Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пэнсіі Мікалая Статкевіча вылічаюць 500 тысяч за турму


Мікалай Статкевіч атрымаў права на тэлефонны званок, зь якога жонка даведалася шмат новага. Андрэя Саньнікаў піша сваякам лісты, але паведамляе пра сябе мінімум зьвестак. У Зьмітра Бандарэнкі пачаліся праблемы з суставамі рук. Ці дазволілі Эдуарду Лобаву атрымаць тэлефонныя карткі, каб званіць дамоў? Алеся Бяляцкага перавялі на іншае месца працы. Напярэдадні Вялікадня Зьміцер Дашкевіч прыслаў ліст зь віншаваньнямі Паўлу Севярынцу.

Мікалай Статкевіч пазваніў жонцы Марыне Адамовіч. Яна адзначае, што раней дазвол на званок ёй муж атрымліваў толькі аднаго разу ад ліпеня мінулага году. Размова доўжылася каля 10 хвілін. Мікалай Статкевіч паведаміў, што яму зноў зрабілі флюараграфію. Магчыма таму, што ягоны былы сусед нібыта хварэў на сухоты. Распавёў, што лепшым стала ліставаньне са знаёмымі — ад іх пачалі прыходзіць лісты. Мікалай зьвязвае гэта з пракурорскай праверкай, якая зараз праходзіць у Магілёўскай турме. У тым ліку і ён сустракаўся з правяральнікамі, якім паведаміў, што не атрымлівае выпісаныя для яго газэты «Нашу ніву» і «Новы час». Марына Адамовіч нагадала пра вылічэньні з пэнсіі Мікалая Статкевіча за тое, што ён сядзіць у турме.

«У Статкевіча, які мае вайсковую пэнсію, за ўтрыманьне ў гэтай крытай турме, ў гэтым „санаторыі“, вылічаюць з яе дзесьці зараз больш за 500 тысяч рублёў. Я пыталася, а як наконт тых маладых, што сядзець ў турме і ня маюць пэнсіі ды не ходзяць на працу, кажуць, што яны сядзяць бясплатна. Атрымліваецца сацыяльная несправядлівасьць. Статкевіч значыць працаваў, каб зарабіць сабе на турму?»

Яшчэ адзін былы кандыдат на прэзыдэнта, вязень калёніі «Віцьба-3» Андрэй Саньнікаў даслаў ліст сваякам, у якім зноў коратка паведамляе, што жывы і пачуваецца нармальна. Маці палітыка Ала Саньнікава ня верыць прагнозам, што хутка будзе падпісана прашэньне аб памілаваньні, як нядаўна казаў Аляксандар Лукашэнка.

«Зусім незразумелая гэтая ягоная пазыцыя. А верыць ў нейкую душэўную дабрыню, што напярэдадні такога вялікага духоўнага сьвята такое магчыма — неяк я такую веру губляю».

Зьміцер Бандарэнка паведаміў у лісьце жонцы Вользе, што па-ранейшаму знаходзіцца ў мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі. Зь ліста вынікае, што са здароўем палітвязьня ўзьніклі новыя праблемы.

Вольга Бандарэнка: «Усё па-ранейшаму хварэе, ужо падагра перакінулася на руку, на правую, на ўказальны палец. Яму зараз баліць, калі піша. Карацей, чым далей, тым горш».

У зьняволеньні каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ўжо перанёс апэрацыю на хрыбетніку.

Два тыдні не званіў дамоў і не дасылаў лістоў Эдуард Лобаў, вязень Івацэвіцкай калёніі. Маці Эдуарда Лобава Марына кажа, што даўно даслала сыну ў турму тэлефонныя катркі, каб званіць, але іх дагэтэль маглі сыну не перадаць.


Праблема з тэлефанаваньнем дамоў з-за недахопу картак і ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога трымаюць ў Бабруйскай калёніі. Таксафонныя карткі зьніклі з продажу, а ў турмах не дазваляюць званкоў праз мабільныя тэлефоны. У апошнім лісьце Алесь паведаміў, што здаровы і ні на што ня скардзіўся. А таксама, што яго зноў перавялі на іншае працоўнае месца — вярнулі на ўпакоўку, бо для працы на швейнай машынцы ў яго кепскі зрок, паведаміла жонка вязьня Натальля Пінчук.

14 красавіка «хімік» Павал Севярынец атрымаў ад камэндатуры некалькі гадзінаў вольнага часу, каб паехаць у Ружаны і падрыхтавацца да заўтрашняга Вялікадня. Павал распавёў пра днямі атрыманы ліст ад Зьмітра Дашкевіча.

«Ліст зь віншаваньнямі на Вялікадзень, расфарбаваны ў бел-чырвона-белыя колеры. „Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!“ Зьміцер бадзёры, піша агульныя рэчы, шмат пра сябе не паведамляе, але адчуваецца, што трымаецца. Настрой у яго сьвяточны. Напрыканцы доўгая цытата са Сьвятога пісьма. Напісаў, калі выйшаў з карцэру, але за што туды патрапіў, не напісаў. Бачна, што ён ведае, што пісаць ня трэба, бо тады ліст ня дойдзе зусім».


Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў памяшканьні камэрнага тыпу Глыбоцкай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG