Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба, каб аборты былі дарагія, а кантрацэптывы — танныя»


Міністэрства аховы здароўя выпусьціла новую пастанову, якая рэглямэнтуе сьпіс лекаў, што можна купляць без рэцэпту.

Гэтым разам у ім няма супрацьзачаткавых сродкаў. Таму жанчыны, якія ўжываюць гарманальныя кантрацэптывы, будуць вымушаныя часьцей зьвяртацца да доктара.

Парадак выдачы рэцэптаў тлумачыць загадчыца жаночай кансультацыі № 4 Алена Лабецкая:

— Да гэтага ўказу мы жанчынам прызначалі кантрацэптыўныя прэпараты, і яны ішлі і куплялі. А часта жанчыны, нават не зьвяртаючыся да доктара, куплялі. Самі нешта чыталі, гутарылі зь сяброўкамі — хто што ўжываў. Вядома, у такіх прэпаратаў ёсьць свае паказаньні па прымяненьні, ёсьць і супрацьпаказаньні, таму трэба, каб іх прызначаў доктар. Бо адной можна прымаць, другой нельга, а трэцяй трэба іншы нейкі. І перад гэтым трэба хаця б стандартнае абсьледаваньне прайсьці.

— Яго дастаткова ці патрэбныя адмысловыя аналізы?

— Агульны аналіз крыві, біяхімію — усё здаюць у нас. Але ёсьць, напрыклад, такое вельмі распаўсюджанае цяпер захворваньне — антыфосфаліпідны сындром. Пры ім такія прэпараты зусім супрацьпаказаныя. Але абсьледаваць насельніцтва на гэта мы ня можам. Гэта надта дорага.

— Цяпер трэба будзе кожны месяц хадзіць па рэцэпт?

— Мы плянуем выпісваць па тры ўпакоўкі. Нават і патрабуецца, каб праз тры месяцы прыманьня гэтых прэпаратаў жанчына зьвярталася да доктара.

— А як на ваш досьвед, часта жанчыны карыстаюцца пігулкамі?

— Па маіх назіраньнях, так. Асабліва маладыя жанчыны. У іх, напэўна, на другім месцы гарманальныя кантрацэптывы. На першым застаюцца традыцыйныя прэзэрватывы. Перарваны палавы акт — таксама папулярны сродак засьцераганьня. Цяпер ёсьць нізкадазаваныя прэпараты з малой канцэнтрацыяй гармонаў. Мы іх рэкамэндуем маладым жанчынам.

— На ваш погляд, ці гэта даступны сродак, каб засьцерагацца, для беларускіх жанчын?

Калі гэта сярэдняя сям’я, дзе двое-трое дзяцей, то далёка ня кожная жанчына можа кожны месяц купляць гэтыя прэпараты.

— Я б сказала, што не. Калі гэта сярэдняя сям’я, дзе двое-трое дзяцей, то далёка ня кожная жанчына можа кожны месяц купляць гэтыя прэпараты.

— Кажуць, што быў час, калі некаторыя кантрацэптывы прапаноўвалі ў жаночых кансультацыях бясплатна?

— Так, быў пэрыяд, гады два, калі мы атрымлівалі іх па гуманітарнай дапамозе. Былі нават прэпараты для мамаў, якія кормяць дзяцей.

— Ці абмяркоўвалася калі-небудзь, каб хаця б нейкія групы насельніцтва атрымлівалі ў нас такія прэпараты бясплатна?

— Былі такія абмеркаваньні. Я, напрыклад, падлеткам, а таксама тым, хто мае нізкі сацыяльны статус — а што хаваць, яны часта зусім ня сочаць за нараджальнасьцю і нараджаюць шмат дзяцей, — давала б бясплатна. Альбо ведаеце, як лепш. У нас жа перарываньні цяжарнасьці нібыта платныя, але каштуюць яны сьмешна. Трэба наадварот — зрабіць вакуўм-аборты дарагой працэдурай, а вось кантрацэптывы трэба, каб былі даступныя.


Сваю думку наконт новага ўказу Міністэрства аховы здароўя выказала маці чатырох дзяцей, трыццацігадовая мінчанка Эла:

— Шчыра кажучы, у нас, здаецца, больш у хаду прэзэрватывы, чым гэтыя таблеткі. Прынамсі, гэта маё назіраньне. Але гэты момант, што трэба будзе хадзіць па гэтыя рэцэпты, прыніжацца, прасіць, тлумачыць, навошта табе гэта, прывядзе да таго, што пачуцьцё няёмкасьці будзе яшчэ большае. І калі ў нас колькасьць абортаў зашкальвае, дык ад гэтага яна можа яшчэ павялічвацца. Бо абсалютна элемэнтарныя рэчы недаступныя.

Сучасныя кантрацэптывы каштуюць у раёне 80 — 170 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG