Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра КХП-БНФ прапануе ўладам далучыцца да ягоных пікетаў


Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў падаў 6 заявак на пікеты, каб правесьці тры акцыі 22 красавіка, і яшчэ тры — 26 красавіка. Заяўкі пададзеныя ў тры раённыя адміністрацыі Віцебску.

Мэта пікетаў 22 красавіка — інфармацыйная. Актывіст хоча данесьці да жыхароў Віцебску зьвесткі пра палітыку, накіраваную на зьнішчэньне мовы, культуры і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

Пікеты, замоўленыя на 26 красавіка, прысьвячаюцца ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі. Ян Дзяржаўцаў мяркуе зьвярнуць увагу землякоў на небясьпеку будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Падаючы заяўкі на пікеты, спадар Дзяржаўцаў прапанаваў старшыням раённых адміністрацый далучыцца да арганізацыі гэтых акцый. У такім выпадку ёсьць шанец, што іх дазволяць: калі раённыя ўлады адгукнуцца на прапанову актывіста, то яму ня трэба будзе прадастаўляць дамовы на мэдычнае абслугоўваньне, ахову правапарадку і прыборку пасьля пікету.

Бо, забараняючы масавыя мерапрыемствы, чыноўнікі звычайна спасылаюцца на рашэньне Віцебскага аблвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году. Паводле яго, калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады, арганізатары павінны заключыць дамовы з мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі на абслугоўваньне імпрэзаў. Ужо амаль два гады, як ніводная заяўка віцебскіх актывістаў на пікеты на пікеты не была задаволеная, бо адпаведныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы па розных прычынах.

Мінулыя спробы Яна Дзяржаўцава таксама былі беспасьпяховымі. З 23 сакавіка па 9 красавіка адбылося пяць пасяджаньняў раённых судоў, калі актывіст спрабаваў прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці за забарону 15-ці пікетаў у падтрымку свайго аднапартыйца Сяргея Каваленкі. Аднак і ў Першамайскім, і ў Кастрычніцкім, і ў Чыгуначным райсудах рашэньні ўладаў былі прызнаныя законнымі, і скаргі актывіста пакінулі без задавальненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG