Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква асьцерагаецца амэрыканскіх санкцый


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў выступіў супраць замены папраўкі Джэксана-Вэніка, якая абмяжоўвае гандаль паміж Расеяй і ЗША, на іншыя абмежаваньні, зьвязаныя са справай Магніцкага.

На прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне Лаўроў заявіў журналістам, што справа Магніцкага зьяўляецца чыста расейскай праблемай, і ўмяшаньне замежнай дзяржавы тут недапушчальнае.

Сяргей Магніцкі – юрыст фонду Hermitage Capital, выступіў у 2008 годзе з абвінавачаньнямі на адрас высокапастаўленых расейскіх урадоўцаў і міліцыянтаў у раскраданьні бюджэтных грошай. У адказ датычныя чыноўнікі зьвінавацілі ў махінацыях самога Магніцкага. На падставе гэтых закідаў Магніцкі быў зьмешчаны ў Бутырскую турму, дзе праз год памёр з-за неатрыманьня мэдычнай дапамогі. Некалькім дзясяткам расейскіх урадоўцаў, датычным да справы Магніцкага, забаронены ўезд у ЗША.

Папраўка Джэксана Вэніка была ўведзеная Вашынгтонам супраць СССР за недатрыманьне савецкімі ўладамі правоў сваіх грамадзян, у прыватнасьці – права на выезд. У дачыненьні да сучаснай Расеі гандлёвыя абмежаваньні, прадугледжаныя папраўкай, прыпыненыя. Кангрэс ЗША, аднак, кожны год мусіць наноў ухваляць гэтае прыпыненьне.

Масква патрабуе ад Вашынгтону цалкам адмяніць папраўку Джэксана-Вэніка ў дачыненьні да Расеі. На саміце міністраў замежных спраў краін Вялікай Васьмёркі, які адкрыўся ўчора ў Вашынгтоне, Сяргей Лаўроў чарговы раз падняў гэтае пытаньне падчас перамоваў зь дзяржсакратаркай ЗША Гілары Клінтан.

На гэтай жа сустрэчы, якая адбылася сёньня, Лаўроў пацьвердзіў намер Расеі дамагацца вяртаньня на радзіму асуджанага ў ЗША Віктара Бута, знанага пад мянушкай «гандляр сьмерцю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG