Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка: «Раней мужа прызнавалі псыхічна здаровым»


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі спрабуе даведацца пра стан ягонага здароўя ў псыхіятрычнай бальніцы «Навінкі». Алена Каваленка згадала, што ў 2010 годзе муж ужо праходзіў комплексную псыхіятрычную экспэртызу.

12 красавіка Алена Каваленка спрабавала даведацца пра стан здароўя свайго мужа Сяргея, якога напярэдадні зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках дзеля комплекснай псыхіятрычнай экспэртызы. Аднак у 30-м аддзяленьні, дзе знаходзіцца Сяргей, пра стан ягонага здароўя нічога ня кажуць. У тым ліку і пра тое, ці пачаў ён есьці сам альбо яго па-ранейшаму кормяць прымусова.

У зьвязку зь якім учынкам Каваленкі будуць правяраць ягоны псыхічны стан згодна з рашэньнем Віцебскага суду ад 10 красавіка? Як паведаміла Алена Каваленка, у 2010-м годзе Сяргей Каваленка ўжо праходзіў псыхіятрычную экспэртызу. Тады экспэртыза вывучала ягоны стан у сувязі з падзеямі студзеня 2010 году, калі актывіст КХП БНФ павесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску:

яму такую далі характарыстыку асобы, што можна было з той характарыстыкай ісьці ў прэзыдэнты ...

«Толькі не стацыянарная была экспэртыза, а амбуляторная. І яму такую далі характарыстыку асобы, што можна было з той характарыстыкай ісьці ў прэзыдэнты. Вельмі са станоўчага боку ён быў ахарактарызаваны той камісіяй».

Другі прысуд — 2 гады і месяц зьняволеньня — Сяргей Каваленка атрымаў за парушэньні парадку адбыцьця «хатняй хіміі». Жонка вязьня згадвае, што гэта былі зусім нязначныя парушэньні: аднаго разу Сяргей проста забыў адзначыцца ў міліцыі, другога разу спазьніўся на гадзіну дамоў, бо вадзіў сына на хакей:

«Яны ж расьцягнутыя ў часе, гэтыя гэтак званыя парушэньні. Я не разумею, як будуць вывучаць ягоны стан у той момант, калі ён гэтак расьцягнуты ў часе».

Цягам месяца Сяргея Каваленку павінны дасьледаваць адмыслоўцы Дзяржаўнай службы судова-мэдычных экспэртыз. Якім будзе гэтае дасьледаваньне?

Інэса Крутая ведае некаторыя падрабязнасьці ад свайго бацькі Аляксандра Крутога, якога зьмясьцілі для лячэньня ў «Навінкі»:

«Тата казаў, што задаюць некалькі пытаньняў таму, каго абсьледуюць, пасьля чаго цікавасьць да яго губляецца, і наступным разам лекары размаўляюць з чалавекам, калі ўжо прыходзіш на саму экспэртызу. Ставяць канчатковы дыягназ, невядома на падставе чаго».

У чалавека, якога абсьледуюць, пытаюцца ягонае імя, прозьвішча, імя па бацьку, а таксама — ці вучыўся ён у школе. Пасьля гэтага абсьледаваньне зводзіцца да назіраньня за паводзінамі чалавека ў ізаляваным пакоі. Паводле Аляксандра Крутога, у 30-м аддзяленьні, дзе трымаюць Сяргея Каваленку, палаты разьлічаныя на 4 чалавек. Там лепшыя бытавыя ўмовы ў параўнаньні са сьледчым ізалятарам, лепшае харчаваньне, але зь ліставаньнем праблемы:

«Месяц, як быў там, не было лістоў. А потым яго накіравалі яшчэ на паўмесяца ў Жодзіна, дык агулам не было лістоў паўтара месяца».

Вынікі судова-псыхіятрычнай экспэртызы можна абскардзіць у агульным парадку паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Але практыка паказвае, што дыягназ, вынесены ў «Навінках», зьмяніць амаль немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG