Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Граніт»: суды ідуць, ціск не спыняецца


Генадзь Паўлоўскі
Генадзь Паўлоўскі

Лунінецкі суд не аднавіў Алега Стахаевіча на працы. Нягледзячы на гэта, іншыя рабочыя «Граніту» мяркуюць і далей судзіцца з прадпрыемствам. Тым часам, ціск з боку адміністрацыі працягваецца.

Звольнены кіроўца «БелАЗу» Генадзь Паўлоўскі кажа, што не зьбіраецца адступацца ад намеру дамагчыся аднаўленьня на працы праз суд, нягледзячы на тое, што пазоў Стахаевіча не задаволілі:

«У мяне такое жаданьне не прападзе. Таму што кіраўніцтва ізноў на сёньняшні дзень прыкладае ўсе сілы, ізноў уціскае народ, ізноў адчула нейкі раж. Учора на судзе судзьдзя неаднойчы казаў, што можа выдаліць кагосьці з залі. То я адзінае, у чым слабінку зрабіў, — трэба было падняцца і папрасіць судзьдзю, каб ён мяне выдаліў, каб ня чуць гэтыя довады. Таму што гэта было агідна».

Спадар Паўлоўскі распавёў, што бліжэйшымі днямі ў Лунінецкі суд будзе накіравана ягоны пазоў супраць «Граніту».

Тым часам ціск на сябраў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве не спыняецца. Як распавёў экскаватаршчык Леанід Дубаносаў, яго ізноў ня хочуць атэстоўваць на нечарговым іспыце па электрабясьпецы:

«Атрымліваецца, што ўсе ў нас на «Граніце» могуць здаць, акрамя мяне, таму што я ў незалежным прафсаюзе. Прыйшоў здаваць з чалавекам знаёмым. Яму даюць білеты, а мне білеты Блошкін Генадзь Віктаравіч не дае. Кажа, маўляў, ты будзеш здаваць наступным разам з пракуратурай. Я кажу: як гэта з пракуратурай? А вось так вось, кажа, з пракуратурай, маўляў, умееш пісаць... Добра, прайшоў тыдзень, прыходжу, адразу пачынае абзвоньваць, камісію зьбіраць. Я кажу — навошта, маўляў, табе камісія? «Трэба...»

Спадар Дубаносаў перакананы, што ціск на рабочых ня спыніцца. Ён мяркуе, што «стаіць мэта разграміць незалежны прафсаюз на «Граніце».

Зінаіда Міхнюк
Зінаіда Міхнюк
Намесьніца кіраўніка прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк зь Берасьця кажа, што, каб супрацьстаяць ціску, створана Каардынацыйная рада Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на Берасьцейшчыне. Яе ўтварэньне абвясьцілі ў перапынку падчас учорашняга суду Стахаевіча:

«Мэта — сядаць і думаць, якія ў нас нават у гэтых умовах існуюць магчымасьці абараняць правы працоўных. Ставіць пытаньні... Бо пры ўсёй павазе да гэтага сталага судзьдзі лунінецкага відаць, што рашэньне было прынятае не па законе».

У каардынацыйную раду ўвайшлі чатыры суб’екты БКДП, якія існуюць на Берасьцейшчыне. Зінаіда Міхнюк не выключае, што падобныя рады будуць утварацца і ў іншых абласьцях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG