Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП: За сумленныя выбары без Лукашэнкі


Сёньня Аб’яднаная грамадзянскай партыя афіцыйна абвясьціла пра пачатак сваёй кампаніі «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Першы этап кампаніі прывязаны да восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Як ставяцца да выбараў у дэмакратычным лягеры.

Леў Марголін, якога 11 красавіка Палітрада АГП зацьвердзіла начальнікам выбарчага партыйнага штабу, паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі: вырашана не чакаць афіцыйнага абвяшчэньня выбарчай кампаніі: «Мы пачынаем зараз і будзем доўжыць кампанію да таго часу, пакуль у Беларусі ня пройдуць выбары паводле стандартаў АБСЭ. Галоўнае, што мы сёньня вырашылі ў практычным кірунку,— пачынаем падаваць заявы на правядзеньне пікетаў. Першы дзень іх правядзеньня — 15 траўня. У рэгіёнах разьлічваем правесьці 60–65 пікетаў.

Таксама мы пачалі фармаваць сьпіс сьпікераў, як мы іх называем. Гэта тыя кандыдаты, якія будуць агучваць нашу пазыцыю выбарцам. Сёньня ўвесь прысутны склад партыйнай рады ў яго запісаўся».

Леў Марголін пацьвердзіў, што АГП будзе прытрымлівацца тактыкі актыўнага байкоту выбараў. «Сьпікеры» правядуць агітацыю, але іхных прозьвішчаў у бюлетэнях ня будзе.

Стаўленьне да выбараў Партыі БНФ афіцыйна зацьверджанае соймам — кажа старшыня партыі Аляксей Янукевіч: «Мы партыйным вылучэньнем вылучаем нашых кандыдатаў. І ў тым выпадку, калі да пачатку датэрміновага галасаваньня ў краіне будуць заставацца палітвязьні і калі нашыя вылучэнцы ў выбарчыя камісіі ня будуць у іх уключаныя, то мы (зноў жа партыйным рашэньнем) здымаем нашых кандыдатаў».

Партыя левых «Справядлівы сьвет» сваё стаўленьне да выбараў замацавала ў «Тэзісах стратэгіі партыі» — адзначае партыйны лідэр Сяргей Калякін: «Мы будзем удзельнічаць ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі. То бок мы будзем вылучаць сваіх людзей у склад камісій, мы будзем удзельнічаць у назіраньні, мы будзем вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пакуль мы плянуем ісьці да канца — нашы вылучэнцы будуць і ў бюлетэнях для галасаваньня».

Аднак гэтае рашэньне яшчэ не канчатковае — падкрэсьлівае Сяргей Калякін: «Канчатковае рашэньне — пойдзем мы да канца альбо не — будзе залежаць ад таго, як пойдзе выбарчая кампанія. Калі нас ня ўключаць нікога ў выбарчыя камісіі, калі нашых моцных кандыдатаў не зарэгіструюць, калі не дадуць нармальна весьці агітацыйную кампанію, тады няма сэнсу ўдзельнічаць у выбарах. І мы тады прымем іншае рашэньне».

Шкада, што апазыцыя чарговым разам не дамовілася пра адзіны сцэнар удзелу альбо няўдзелу ў выбарах, — канстатуе палітоляг Віктар Чарноў: «Наагул добры любы выбарчы сцэнар. Але пры ўмове, што ён кансалідаваны, што вакол яго зьбіраецца максымальная колькасьць суб’ектаў апазыцыі. І дрэнны любы сцэнар, нават самы аптымальны, калі ён не падзяляецца бальшынёй суб’ектаў апазыцыі. І калі кожны ідзе ўрастапырку. Тады ў выбарцаў узьнікае непаразуменьне — чаго ж хоча апазыцыя?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG