Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Сапелку вылучаюць на міжнародную прэмію


Былога адваката Паўла Сапелку, які шмат гадоў бараніў палітвязьняў, вылучаюць на прэстыжную міжнародную прэмію.

Як паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна», нямецкае аддзяленьне Amnesty International заявіла пра намер вылучыць Паўла Сапелку на міжнародную прэмію імя Гранта Дзінка, якая ўручаецца людзям, якія працуюць дзеля сьвету, вольнага ад дыскрымінацыі, расізму і гвалту, рызыкуюць сабой дзеля дасягненьня сваіх ідэалаў, карыстаюцца мовай міру і сваім прыкладам натхняюць і заахвочваюць іншых.

Экспэртная група па Беларусі лічыць, што шляхам вылучэньня на прэмію былога адваката Паўла Сапелкі аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя дадаткова прыцягне ўвагу ўсясьветнай грамадзкасьці да цяжкога становішча адвакатаў у Беларусі.

У сакавіку 2011 году прэзыдыюм Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў пад ціскам Міністэрства юстыцыі выключыў Сапелку з шэрагаў калегіі, тым самым пазбавіўшы яго права займацца прафэсійнай дзейнасьцю.

На той момант адвакат абараняў фігурантаў крымінальных спраў па падзеях 19 сьнежня 2010 году — Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча.


Грант Дзінк, вядомы журналіст армянскага паходжаньня, галоўны рэдактар армянскай газэты «Агос», якая выходзіць у Турцыі, быў забіты ў 2007 годзе ў Стамбуле. Міжнародны фонд імя Гранта Дзінка з 2009 году ўручае прэміі памяці журналіста. Узнагароды прысуджаюцца адважным грамадзкім дзеячам або журналістам, якія змагаюцца за свабоду слова і правы чалавека. Традыцыйна абіраюць двух ляўрэатаў — грамадзяніна Турцыі і іншаземца. У аргкамітэт уваходзяць удава Дзінка Ракель Дзінк, дэпутаты Эўрапарлямэнту, пісьменьнікі і грамадзкія дзеячы. Афіцыйная цырымонія ўручэньня прэміі штогод праходзіць у Стамбуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG