Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяра выбуху ў мэтро: Пачуцьця бясьпекі няма


11 красавіка 2011 году ў менскім мэтро прагрымеў выбух. У выніку тэрарыстычнага акту загінулі 15 чалавек, больш за 200 былі параненыя. У тэракце зьвінавацілі двух жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладыслава Кавалёва, да якіх была ўжытая найвышэйшая мера пакараньня. Некаторыя ахвяры тэракту заяўляюць, што ня вераць у віну расстраляных і не адчуваюць сябе ў бясьпецы.

Яраслаў Пясецкі ад выбуху ў мэтро страціў абедзьве нагі. Цяпер езьдзіць па кватэры ў інвалідным вазку. Паводле словаў ягонай матулі Натальлі, з журналістамі кантактаваць адмаўляецца — на ўсе званкі да сына яна адказвае сама:

«Яраслаў нічога ня будзе казаць, не крыўдуйце, калі ласка — яму няма чаго болей сказаць. Але вы можаце зрабіць спасылку, што сярод тае масы пацярпелых быў беларускамоўны хлопец — гэта ўжо цікава. Што мне вельмі не падабаецца, дык гэта тое, што гэты тэракт зрабіў уплыў на меркаваньні пра беларусаў: што гэта ўсё ўзьнікла ў асяродку беларусаў, у нашай атмасфэры і на нашай тэрыторыі — самі сябе ўзарвалі. Але гэта ня хатнія ўражаньні, у нас хатнія ўражаньні такія, што перад тэрактам мы атрымалі новую кватэру, і цяпер у нас тут „танцпол“ — можна перамяшчацца на вазку як і куды заўгодна, бо мэблі няма. Яраслаў застаецца ў вазку, бо пра пратэзы гаварыць пакуль рана.

Мы падпісалі пэтыцыю ўсёй сям’ёй, ня толькі я і Яраслаў, але таксама і дачка, і сын. І гэта нашая такая сьвядомая пазыцыя».

Карэспандэнтка: «Пэтыцыю супраць сьмяротнага пакараньня?»

«Так. Гэта асэнсаваная пазыцыя, асабліва калі яна тычыцца вось гэтай сытуацыі. Калі б маглі што рабіць, то зрабілі б. Проста ўдзел пацярпелых у судзе прадэманстраваў беспэрспэктыўнасьць якіх-небудзь апэляцый ці чаго іншага».


Інэса Крутая падчас выбуху ў мэтро атрымала пашкоджаньні ног, галавы, вачэй, іншых жыцьцёва важных органаў. Кажа, што траўмы не даюць працаваць, а пэнсіі па інваліднасьці ёй не прызначылі. Акрамя таго, яе бацьку Аляксандра Крутога прысудзілі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычнай клініцы пасьля таго, як падчас суду ён патрабаваў адкласьці працэс, пакуль у Беларусі ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.
У мяне гэты тэракт як пачаўся 11 красавіка 2011 году, дык я з уласнай дурасьці яшчэ падумала, што перажыла. А насамрэч нічога я яго не перажыла, ён для мяне доўжыцца і зараз.

«У мяне ні працы, ні групы — нічога, і здароўе загубленае. Найбольшая праблема, што ўдар прыйшоўся на галаву. Кантузію, якую прызналі, лячылі гэтак, што замест таго, каб пакінуць у супакоі і каб я ляжала, дык мяне цягалі па ўсім горадзе — кшталту, абсьледавалі. Галаўныя болі вылечылі, але не ў дзяржаўнай паліклініцы. У сваю чаргу, для дзяржаўных службаў мэдычныя заключэньні недзяржаўных паліклінік — папера для прыбіральні, нічога ня значаць. А калі б я заставалася лекавацца ў дзяржаўных паліклініках, то атрымала б яшчэ мноства новых праблем — я ўжо нагу пачынала за сабой цягаць, бо пераставала дзейнічаць. У мяне гэты тэракт як пачаўся 11 красавіка 2011 году, дык я з уласнай дурасьці яшчэ падумала, што перажыла. А насамрэч нічога я яго не перажыла, ён для мяне доўжыцца і зараз. Я хацела, каб былі пасаджаныя ў турму сапраўдныя вінаватыя і той, хто замовіў гэты выбух. Калі я лекавалася ў шпіталі з такімі ж пацярпелымі, то ніводзін, ніводзін чалавек ня верыў, што гэтыя хлапчукі ўчынілі тэракт. А мне ўлады за ўвесь гэты час даказалі, што гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя».


Яшчэ адна пацярпелая ад выбуху ў мэтро, Людміла Жычко, пра свае фізычныя пакуты ці матэрыяльныя страты размаўляць адмаўляецца цалкам. Яна кажа, што цяпер больш за ўсё яе непакоіць расстрэл зьвінавачаных у тэракце. Яна ня верыць, што выбух учынілі віцебляне Канавалаў і Кавалёў, і не адчувае сябе ў бясьпецы:
Суд не пераканаў мяне да канца, што гэтыя два маладыя чалавекі ўсё зрабілі самі, самастойна.

«У мяне ўсё добра, але ўзгадваць пра гэта лішні раз я не люблю. Найгорш тое, што і пасьля суду я засталася пры сваёй думцы. Я лічу, што за гэтымі двума маладымі людзьмі хтосьці стаяў. Суд не пераканаў мяне да канца, што гэтыя два маладыя чалавекі ўсё зрабілі самі, самастойна. І ўвогуле ў мяне пытаньне: ці яны гэта зрабілі? Там гэтулькі шмат нестыковак было ў судзе, што ўвесь гэты шум і тады, і цяпер пра даказанасьць віны толькі большыя сумневы сее. Магчыма, камусьці штосьці і даказана, але я стала сумнявацца.

Зараз выказваць нейкія меркаваньні „за“ ці „супраць“ — гэта значыць станавіцца чалавекам апазыцыі. У мяне і ў плянах такога не было. Я тады на судзе выказала сваю думку не таму, што я супраць чагосьці, ці супраць кагосьці, ці я апазыцыянэр. Я тады выступіла ў абарону людзей, віна якіх не была дакладна даказаная. Я запыталася ў суду: мы кудысьці сьпяшаемся, у нас нейкія абмежаваньні ў часе? І мяне таксама вельмі зьдзівіў сам факт таго, што віна не была даказаная, а ўсе атрымалі ордэны. За што яны атрымалі гэтыя ордэны, за што іх узнагародзілі? Што, ужо ўсё было зразумела? І я думаю, што кожнаму чалавеку, які ўмее разважаць і карыстаецца сваім розумам, гэта таксама ўсё будзе відавочным. Словам, упэўненасьці ў тым, што я буду ў поўнай бясьпецы, у мяне не засталося».

З нагоды гадавіны тэракту ў мэтро ў Менску дэмакратычная грамадзкасьць прэзэнтавала дакумэнтальны фільм «Страх у краіне спакою».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG