Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Сталіна ператвораць у музэй памяці яго ахвяр


Дзяржаўны музэй імя савецкага правадыра Іосіфа Сталіна ў яго родным горадзе Горы будзе ператвораны ў Музэй сталінізму, абвясьціла прэс-служба міністэрства культуры і аховы помнікаў Грузіі.

«Пры падтрымцы міністэрства культуры, нашчадкаў ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў і дасьледчыкаў савецкага таталітарызму, музэй імя Сталіна будзе ператвораны ў музэй сталінізму, які найбольш поўна і аб'ектыўна раскажа наведнікам аб усіх важных падзеях пэрыяду сталінізму», – цытуе паведамленьне агенцтва Навіны Грузія.

Згодна з гэтай ініцыятывай будзе створаныя Рада міжнародных дарадцаў, якая распрацуе розныя аспэкты праекту і будзе ажыцьцяўляць нагляд. Сродкі на праект будуць прыцягнутыя як з грузінскіх, так і аўтарытэтных міжнародных інстытутаў, адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Месяц таму дырэктар гэтага музэю Лія Акрапірыдзэ паведамляла, што летась яго наведалі больш за 24 тысяч чалавек, зь іх каля 19 тысяч – замежнікі і больш за 3 тысячы школьнікаў. Сёлета, паводле яе слоў, цікавасьць да музэю прыкметна расьце.

Як адзначала Акрапірыдзэ, у музэйным комплексе пасьля 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя не праводзіліся рамонтныя працы. Пры гэтым на тэрыторыю музэя да гэтага часу не перанесены помнік Сталіну, дэмантаваны ў 2010 годзе ў цэнтры Горы.

Гэты помнік тады прыбралі з цэнтральнай плошчы і абвясьцілі, што на яго месцы будзе ўзьведзены мэмарыял у памяць ахвяр сталінізму і загінулых падчас расейска-грузінскага ваеннага канфлікту ў жніўні 2008 году.

Усяго за некалькі месяцаў у 2009 і 2010 гадах улады Грузіі дэмантавалі помнікі Сталіну ў пяці гарадах краіны. Міністар культуры Грузіі Нікалоз Руруа тады заяўляў, што лічыць недапушчальным захаваньне ў рэспубліцы помнікаў савецкім правадырам.

Дзяржаўны музэй І.В.Сталіна ў Горы быў заснаваны ў 1937 годзе з ініцыятывы Лаўрэнція Берыі. У ім захоўваецца больш за 47 тысяч экспанатаў. У музэйны комплекс уваходзяць мэмарыяльны дом, дзе нарадзіўся Сталін, будынак для экспазыцый, асабісты вагон генэралісімуса, у якім ён прыяжджаў на сустрэчы з саюзьнікамі ў Тэгеран, Ялту і Патсдам. У музэі захоўваюцца таксама і асабістыя рэчы «правадыра народаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG