Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Малчанава: Каб быў маладзейшы — пайшоў бы на Плошчу


Бацька Малчанава: Я б можа і сам на Плошчу пайшоў бы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:38 0:00
Наўпроставы лінк
Суд горада Жодзіна вынес вырак былому вязьню Плошчы, 23-гадоваму Аляксандру Малчанаву. Судзьдзя Іван Грыневіч прызнаў яго вінаватым у крадзяжы мэталалому на тэрыторыі зачыненага цэху заводу цяжкіх штамповак. За лом, які каштаваў 737 тысяч рублёў, Малчанава пакаралі 1 годам 6 месяцамі зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Хворы бацька асуджанага ня змог прыехаць на суд з Барысава.

Зь ім пра сына і ягоную справу — Валер Каліноўскі.

Сям’я Малчанавых жыве ў Барысаве ў старым драўляным доме, які стаіць на даўно не рамантаванай вуліцы Ленінскай. У пакоі Аляксандра — кампутар, шафа, жалезны ложак, налепкі «Зубра», актывістам якога быў калісьці Малчанаў, «Пагоня», стужка з «аранжавай рэвалюцыі» ў Кіеве.

Бацька палітвязьня Валерый Уладзімеравіч ня можа згадаць, колькі разоў у гэтым пакоі і ва ўсім доме праводзіліся ператрусы. Бывала, што міліцыянты прыяжджалі двойчы за ноч. Асабліва не давалі пакою сыну і сям’і перад апазыцыйнымі акцыямі. Валерый Малчанаў ня раз быў сьведкам, як хапалі сына, у тым ліку пасьля Плошчы:

«Толькі падышоў ён да брамкі, аднекуль узяліся апэратыўнікі ў чорным, з усіх бакоў схапілі, рукі заламалі, паклалі на асфальт. І тут жа на суткі, дзесяць сутак далі… А потым не далі выйсьці і зноў схапілі».

Валерый Малчанаў — колішні спартовец, майстар спорту па гімнастыцы, пазьней трэнэр. Цяпер ён хварэе на глаўкому і радыкуліт. Маці Галіна Андрэеўна пакутуе ад хваробы Паркінсона. Абое атрымліваюць пэнсію — па мільёну рублёў.

Валерый Малчанаў ня змог паехаць у жодзінскі суд на вырак сыну Аляксандру, ён увогуле рэдка выходзіць з хаты.

Валерый Уладзімеравіч кажа, што пасьля арышту за Плошчу і прысуду на тры гады турмы ягоны сын страціў усё: працу сьлесара на заводзе БАТЭ, вучобу ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. Калі ў верасьні мінулага году пасьля памілаваньня ён выйшаў на волю, то ня змог знайсьці сабе прымяненьня: на працу нідзе ня бралі, на малы бізнэс не было сродкаў.

«Хадзіў тут па заводах, але куды ні прыходзіў, адразу пыталіся: „Судзімы?“ — „Так“. Ну і ўсё. А яшчэ пыталіся, за што судзімы, і казалі: ідзі ты…»

Зборам мэталалому Аляксандар заняўся ад безвыходнасьці, каб зарабіць капейчыну. У 2010-м на Плошчу ён пайшоў дзеля прагі справядлівасьці, кажа бацька:

«Быў бы я маладзейшы, можа, і я б пайшоў. Таму што цікава, што думае наш народ пра гэтыя выбары, пра ўсё. Нахабна падманваюць».


Аляксандар Малчанаў

нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў барысаўскай школе № 22. На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубр». Працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ. Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году Быў затрыманы 6 студзеня 2011 году ў сябе дома ў Барысаве. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які ён сарваў з будынка КДБ.

2 сакавіка 2011 году судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва. 14 верасьня 2011 году быў памілаваны ўказам Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG