Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Бандарэнку зрабілі апэрацыю на назе


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка перанёс другую за час няволі апэрацыю.

Палітвязьню Зьмітру Бандарэнку ў Магілёўскай калёніі зрабілі апэрацыю на назе. Гэта ўжо другая апэрацыя, якую робяць Бандарэнку за час зьняволеньня. Летась у ліпені яму рабілі апэрацыю на хрыбетніку, выдалялі міжпазванковую грыжу. Зараз выдалілі на назе абсцэс, які ўтварыўся ад падагры. Зьміцер сам распавёў пра апэрацыю, пазваніўшы жонцы Вользе:

«Распавёў пра гэтую апэрацыю, пра тое, што пасьля яе ледзь уставіў нагу ў чаравік, каб дайсьці. Нага моцна апухла. Увогуле гэтым разам, кажа, у яго страшэнныя болі, якіх ніколі не было».

Вольга Бандарэнка спыталася ў мужа, ці ведае ён пра чарговыя абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі вызваліць тых палітвязьняў, якія напісалі прашэньне аб памілаваньні. Аказалася, што ведае, але ня надта верыць, што вызваленьне будзе хутка.

Ужо больш за паўтара месяца Зьмітра Бандарэнку трымаюць у мэдычнай частцы калёніі. Акрамя хваробы суставаў ног, у яго зноў пачаліся праблемы з хрыбетнікам. Замест праапэраванай адной грыжы хрыбетніка ў Бандарэнкі ўзьніклі чатыры новыя. Нядаўна вязьня абсьледавалі на тамографе і адправілі вынікі ў Менск. Паводле Вольгі Бандарэнкі, яе мужу прапаноўвалі легчы ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску, але ён пакуль адмаўляецца:

«Яму прапаноўвалі дзеля кансультацыяў пакласьціся ў Менск, але ён кажа, што этап не перажыве, а адмысловы транспарт для яго ніхто ня выдзеліць».

Зьміцер Бандарэнка і Андрэй Саньнікаў больш за два месяцы таму напісалі прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але дагэтуль знаходзяцца ў вязьніцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG