Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зробіць першы крок: Менск ці Брусэль?


Улады гатовыя да ўзнаўленьня дыялёгу з Эўразьвязам, але жадаюць дачакацца чарговага рашэньня Рады Эўразьвязу па беларускім пытаньні.

Пра гэта паведаміў па дзяржаўным тэлебачаньні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. А міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў таксама праз тэлебачаньне заявіў: амбасадары краінаў Эўразьвязу могуць вярнуцца ў Беларусь — пры ўмове, што за гэтым ня будзе новых санкцыяў.

Палітолягі зьвярнулі ўвагу: пра дачыненьні з Захадам цягам апошніх некалькіх дзён выказаліся адразу тры высокія службоўцы: кіраўнік дзяржавы, кіраўнік ягонай адміністрацыі і міністар замежных спраў. Гэтыя заявы камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Мэсыдж пра магчымае вызваленьне палітвязьняў дастаткова ясна скіраваны на Захад. А словы пра тое, што мы будзем праводзіць нейкую сэлекцыю амбасадараў і кагосьці зь іх усё роўна будзем лічыць непажаданымі, скіраваныя на беларускую аўдыторыю. Ягонае прызначэньне — паказаць, што ў гэтым кароткатэрміновым канфлікце беларускі бок не саступае. Хоць насамрэч ён саступае. Але менавіта такія заявы і павінны камуфляваць, што Беларусь вымушаная ўсё ж такі падпарадкавацца калектыўнаму, салідарнаму дэмаршу амбасадараў».

Калі гаворка ідзе пра рашэньне Рады Эўразьвязу па беларускім пытаньні, то пад гэтым маецца на ўвазе рашэньне міністраў замежных спраў. Яны традыцыйна зьбіраюцца ў Брусэлі ў дваццатых чыслах кожнага месяца, гаворыць палітоляг Ігар Лялькоў. Жаданьне Ўладзімера Макея дачакацца спачатку рашэньня міністраў мае пад сабой пэўную глебу, лічыць палітоляг:

Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў
«Зараз адбываюцца досыць актыўныя непублічныя кансультацыі і перамовы. Вырашаецца, хто першы зробіць гэты крок. Альбо спачатку Лукашэнка выпускае на свабоду частку палітзьняволеных, і пасьля на гэта пазытыўна рэагуе Эўропа. Альбо Менск чакае бліжэйшых рашэньняў Эўразьвязу, якія могуць быць скіраваныя на павелічэньне сьпісу неўязных і новыя санкцыі. І калі гэтага не адбудзецца, тады беларускія ўлады выпускаюць частку вязьняў. Менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс словаў Макея».

У гэтым самым рэчышчы ляжыць і заява міністра Мартынава пра магчымае вяртаньне амбасадараў, калі за гэтым ня будзе новых санкцыяў, кажа Ігар Лялькоў:

«Наколькі я разумею, беларускі бок настойвае, што спачатку пройдзе эўразьвязаўская сустрэча. І калі на ёй ніякіх новых санкцыяў ня будзе, то беларускія ўлады гатовыя і амбасадараў упусьціць, і частку палітзьняволеных выпусьціць. Такі пасыл беларускага боку. І выказваньні Мартынава якраз гэты пасыл і раскрываюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG